Фільм “Выканаўца” пакажуць на "Сінема Перпетуум Мобіле 2014"
Анімацыйны фільм “Выканаўца”, створаны групай валанцёраў Праваабарончага цэнтра “Вясна” у межах кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” абраны для паказу на Міжнародным фестывалі кароткаметражных фільмаў "Сінема Перпетуум Мобіле" (Cinema Perpetuum Mobile 2014).
Фільмы пакажуць не толькі ў Мінску, але адначасова і ў іншых абласных цэнтрах і буйных гарадах Беларусі. Мерапрыемствы адбудуцца таксама за межамі краіны ў якасці партнёрскага супрацоўніцтва з беларускімі культурнымі суполкамі і іншымі кінафестывалямі. Так, паказы гэтай праграмы пройдуць у гарадах Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Германіі, Вялікабрытаніі, Італіі, Румыніі, Турцыі, Іране, Малайзіі, Аўстраліі і іншых краінах. 12 красавіка першымі з фільмам “Выканаўца” за мяжой азнаёмяцца ў Джоржтаўне (Малазія).
Фільм “Выканаўца” (рэжысёр – Данііл Жугжда) ставіць перад гледачамі пытанне пра жыццё і лёс тых людзей, якія часам жывуць побач з намі і пры гэтым прафесійна выконваюць сваю працу, працу "выканаўцаў" смяротных прысудаў. Галоўны герой у мінулым прывёў у дзеянне смяротны прысуд. Цяпер пастаянна ўспаміны пераносяць яго да гэтай падзеі. Герой – творчы чалавек і таму спрабуе сублімаваць перажыванні ў складанне музыкі, аднак пазбавіцца ад душэўных пакут цалкам ён не ў сілах.
Праваабарончы цэнтр "Вясна" выступае супраць смяротнага пакарання ва ўсіх выпадках без выключэння.
Cinema Perpetuum Mobile 2014 – сацыяльны праект, які ствараецца людзьмі па прынцыпах самаарганізацыі, узаемадапамогі, адкрытасці, празрыстасці і дэцэнтралізацыі. Гэта значыць, што любы чалавек можа ўзяць удзел у агульнай справе па арганізацыі фестывалю і назіраць, як гэта робяць іншыя.