Міхаіла Гладкага незаконна асудзілі на 8 год, а цяпер не хочуць даваць кампенсацыю

Міхаіл Гладкі
Міхаіл Гладкі

У 2003 годзе Міхаіла Гладкага на 8 год асудзілі нібыта за забойства роднага брата. Мужчына адбыў амаль увесь тэрмін, а пасля высветлілася, што сапраўдны забойца – Эдуард Лыкаў, які зараз знаходзіцца ў мінскім СІЗА. Яму вынесены прысуд аб смяротным пакаранні.

 

Гісторыя забойства маці і брата

 

Родны брат Міхаіла Гладкага Віктар быў неаднаразова судзімы. Пасля адной з адсідак ён вярнуўся да маці ў Мінскі раён. Мужчына нідзе не працаваў, злоўжываў алкаголем, часцяком збіваў маці і забіраў у яе пенсію. Аднойчы да яго ў госці прыехаў знаёмы па зоне Эдуард Лыкаў. Віктар Гладкі яшчэ ў калоніі хваліўся, як багата ён жыве – мае і дом, і матацыкл. Насамрэч усё гэта меў ягоны брат Міхаіл. 9 кастрычніка 2002 Віктар разам з Эдуардам распівалі спіртныя напоі. Паміж мужчынамі ўзнік канфлікт, Лыкаў пачаў збіваць Гладкага. Маці спрабавала заступіцца за сына, але госць нанёс ён некалькі ўдараў нажом, ад чаго яна памерла. Пасля тое ж самае , але сякерай, ён зрабіў і са сваім сябрам.

 

На наступны дзень у дом прыйшоў малодшы брат Міхаіл. Ён ведаў, што маці напярэдадні атрымала пенсію, і хацеў на частку грошай набыць прадукты для яе, каб Віктар не паспеў усё прагуляць. Убачыўшы, як маці ляжыць мёртвая на ложку, а побач на падлозе брат, ён нанёс некалькі ўдараў сякерай па ім.

 

Экспертыза аднак пасля паказала, што Віктар Гладкі памёр за суткі да таго. Гэта значыць, Міхаіл наносіў удары ўжо па мёртвым целе.

 

Ён сам выклікаў і міліцыю, і хуткую. У Міхаіла Гладкага было алібі – у дзень забойства ён увесь час правёў у суседкі Марыі, якой дапамагаў уцяпляць сарай. Яна пацвердзіла гэта на судзе, аднак да яе словаў, на жаль, не прыслухаліся.

 

Былі і іншыя сведкі. Адзін з суседзяў, Васіль, распавядаў, што бачыў, як напярэдадні забойства Віктар Гладкі ішоў дадому з незнаёмым чалавекам. Але гэтага суседа не толькі не паклікалі на суд, а нават не дапыталі следчыя.

 

Міхаілу спачатку прад’явілі абвінавачванне па двух забойствах – маці і брата. І ў выпадку, калі такая кваліфікацыя засталася, яго маглі б расстраляць, як гэта прадугледжваецца ў сённяшнім беларускім крымінальным заканадаўстве.

 

Аднак следства змяніла абвінавачванне. Мінскі раённы суд прысудзіў яму 8 год зняволення. Пракурор, дарэчы, патрабаваў даць на год больш. За добрыя паводзіны тэрмін скарацілі - Міхаіл адседзеў за кратамі 5 гадоў, яшчэ больш за 1,5 гады адбыў на выпраўленчых працах - адлічваў дзяржаве чвэрць заробку.

 

Адметна, што ён прызнаў віну ў судзе. Мужчына тлумачыць, што пасля абследавання ў Навінках гатовы быў прызнацца ў чым заўгодна.

 

Праз 9 год знайшлі сапраўднага забойцу

 

У 2012 годзе Міхаілу паведамілі, што знойдзены сапраўдны забойца яго маці і роднага брата. Імя гэтага чалавека Эдуард Лыкаў.

 

Гісторыя яго жыцця нагадвае сюжэт з крымінальнага дэтэктыву. Да таго, як забіць двух членаў сям’і Гладкіх, ён быў неаднаразова судзімы за хуліганства, крадзёж і нявыплату аліментаў. Гэта значыць, у крымінальнай базе павінны былі застацца ягоныя адбіткі пальцаў. А таму незразумела, якім чынам аператыўнікі праводзілі агляд месца злачынства ў доме Гладкіх, і чаму тады Лыкаў не паў у поле зроку праваахоўнікаў. Следчыя спісалі віну на братоў Гладкіх – Віктар у стане алкагольнага ап’янення забіў маці, а Міхаіл у знак помсты забіў Віктара.

 

Праведзенае неналежным чынам расследаванне прывяло да таго, што Лыкаў ажно да 2011 года хаваў, што ён і быў сапраўдным забойцам. Дзякуючы гэтаму, за 9 год ён здзейсніў яшчэ тры забойствы. Адметна, што за гэты перыяд ён трапляў за краты - за хуліганства, крадзяжы. Але пра ягоную датычнасць да забойства пяці чалавек следчыя даведаліся чамусьці толькі ў 2011, калі затрымалі яго як падазронага ў забойстве жыхара Мінскага раёна.

 

У лістападзе 2013 Мінскім абласным судом Эдуард Лыкаў прыгавораны да смяротнага пакарання. Ён падаў касацыйную скаргу на прысуд.

 

Мінскі раённы суд ігнаруе звароты Гладкага

 

Міхаіл Гладкі тым часам вырашыў дабівацца ўзнаўлення сваіх правоў. Па законе ён мае права атрымаць кампенсацыю - за маральныя і фізічныя пакуты, за страту падчас зняволення заработнай платы, а таксама яму павінны аднавіць працоўны стаж.

 

Вось толькі суд не спяшаецца ўзнавіць Гладкага ў ягоных правах. 6-га лютага 2014 Міхаіл звярнуўся ў суд Мінскага раёна, які выносіў яму абвінаваўчы прысуд. Аднак у пісьмовай форме ён адказу не атрымаў, а ў вуснай форме сакратар накіраваў яго чамусьці ў Мінскі абласны суд. 8 красавіка Гладкі быў вымушаны звярнуцца да старшыні Мінскага раённага суда са скаргай. Ён па-ранейшаму просіць прыняць меры па ўзнаўленню ягоных парушаных правоў (у прыватнасці прызнаць за ім права на спагнанне шкоды), вызначыць памер маёмаснай шкоды, якая падлягае спагнанню, і накіраваць яму копію судовай пастановы, паводле якой у адносінах да яго быў адменены вырак Мінскага раённага суда за 2003 год.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны