Чарговая касацыя на смяротны прысуд не задаволеная: Лыкава растраляюць
Сёння судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда Беларусі разглядае чарговую касацыйную скаргу асуджанага да смяротнага пакарання. 53-гадовы Эдуард Лыкаў, якому інкрымінавана пяць эпізодаў забойства ў стане алкагольнага ап’янення, абскарджвае прысуд, вынесены Мінскім абласным судом 26 лістапада 2013 года.
Па матэрыялах следства, першыя два забойствы ён здзейсніў яшчэ у 2002 годзе - пасля застолля разгарэўся канфлікт, у выніку якога ён забіў свайго былога сукамерніка і яго маці. Але за гэта злачынства пакаранне ў турме адбываў ні ў чым невінаваты чалавек - 7 год адседзеў брат загінулага і адпаведна сын загінулай.
Па словах прадстаўнікоў Следчага камітэта, у той момант ён быў у стане алкагольнага ап'янення. Падчас следства нібыта паўтараў, "што было - не памятаю, можа, гэта сапраўды і я".
Паводле следства, трэцяе забойства Лыкаў здзейсніў у 2004 годзе - забіў каханка сваёй сужыцельніцы, мяркуемы матыў - рэўнасць. У 2011 годзе, па версіі следства, Лыкаў забіў і саму сужыцельніцу за тое, што яна хацела выгнаць яго з дому.
Эдуарда Лыкава затрымалі ў верасні 2011 года. Напярэдадні ў пасёлку Ждановічы пад Мінскам быў забіты 74- гадовы жыхар. Па матэрыялах справы, паміж забітым і абвінавачаным узнікла сварка, завязалася бойка, падчас якой Эдуард Лыкаў нанёс знаёмаму некалькі ўдараў трубой.
Такім чынам, паміж першым забойствам і затрыманнем Эдуарда Лыкава прайшло ажно дзевяць гадоў.
Псіхіятрычная экспертыза паказала, што Лыкаў мае павышана агрэсіўны характар, але знаходзіцца пры свядомасці, здольны кантраляваць свае ўчынкі.
Нагадаем, 26 лістапада 2013 года Мінскім абласным судом было вынесены прысуд Эдуарду Лыкаву - смяротнае пакаранне. Асуджаны падаў касацыйную скаргу ў Вярхоўны суд.
Інфармацыя пра асобу Эдуарда Лыкава, пра здзейсненыя ім злачынствы і вынесены прысуд з'явілася толькі пасля звестак ад праваабаронцаў. Дагэтуль праваахоўчыя і судовыя органы не паведамлялі пра гэту справу.
Нагадаем, 8-га красавіка ў Вярхоўным судзе паўторна разглядалася касацыйная скарга Аляксандра Грунова на вынесены яму смяротны вырак Гомельскім абласным судом. Маладога чалавека абвінавачвалі па ч.6 п.2 арт.139 Крымінальнага кодэксу – забойства, здзейсненае з асаблівай жосткасцю. Вярхоўны суд пакінуў у сіле рашэнне суда аб смяротным пакаранні. Прысуд выносіў старшыня калегіі Валер Калінковіч.
***
Судовая калегія - старшыня Валер Калінковіч. Прадстаўнік адвінавачвання - пракурор Дударава, адвакат - Клюкач
Эдуард Лыкаў абвінавачваецца па п.2 , 6 , 8 , 10 , 16 ч. 2 арт.139 КК , прысуд - выключная мера пакарання.
У судзе абвінавачаны віну не адмаўляе, раскайваецца, супрацоўнічаў са следствам. Адзначыў, што з боку следства яго спайвалі, каб больш ахвотна даваў паказанні, а таксама збівалі.
Адзначыў, што ўсе забойствы адбыліся ў выніку сваркі. Лічыць , што не мог дзейнічаць па-іншаму ў той сітуацыі, інакш забілі б яго.
Вырашыў прызнацца ў дасканалых забойствах, пасля таго, як у Гродне ў турме пачаў сустракацца з ксяндзом.
Абаронца на судзе сказаў толькі, што падтрымлівае касацыйную скаргу.
Пракурор адзначыла, што віна Лыкава даказаная цалкам, з улікам змякчальных абставінаў яму вынесена справядлівае пакаранне - смяротнае пакаранне.
Пацярпелы Міхаіл Гладкі не зразумеў пытання, ці падтрымлівае ён прысуд. Сказаў, што падтрымлівае. Але на самай справе выступае за пажыццёвае пакаранне.
Да 12.00 - перапынак у судзе
12-00. Прысуд Мінскага абласнога суда пакінуты ў сіле - смяротнае пакаранне. Адвакат сказаў, што не гатовы каментаваць нічога па гэтай справе.