Груноў накіраваў наглядную скаргу на смяротны прысуд і прашэнне аб памілаванні
Асуджаны адзначае, што суд, выносячы яму смяротнае пакаранне, не ўлічыў змякчаючыя абставіны – яго чыстасардэчнае раскаянне, поўнае прызнанне віны, яўку з павіннай, дабраахвотнае супрацоўніцтва са следствам і супрацьпраўныя/амаральныя дзеянні пацярпелай Наталлі Емільянчыкавай.
8 красавіка 2014 Вярхоўны суд паўторна пакінуў у сіле смяротнае пакаранне 26-гадоваму гамельчуку, які ў верасні 2012 забіў студэнтку Наталлю Емільянчыкаву.
Асуджаны паспрабуе абскардзіць прысуд у наглядным парадку, ягоны адвакат накіраваў скаргу старшыні ВС.
Абаронца звяртае ўвагу на пяць істотных змякчаючых віну Грунова абставінаў, якія Гомельскі абласны суд і Вярхоўны суд не прынялі да ўвагі. Гэта - чыстасардэчнае раскаянне, поўнае прызнанне віны, яўку з павіннай, дабраахвотнае супрацоўніцтва са следствам і супрацьпраўныя ці амаральныя дзеянні пацярпелай Наталлі Емільянчыкавай.
У матэрыялах справы пазначана, што Груноў патлумачыў свой учынак (забойства студэнткі) наступным чынам. Летам 2012 года ён быў у адной кампаніі з Наталляй Емільянчыкавай, дзе яны разам распівалі спіртныя напоі. У нейкі момант паміж Емільянчыкавай, Груновым і ягонай сужыцельніцай узнік канфлікт. Пры гэтым Емільянчыкава, ведаючы, што Груноў адбываў пакаранне ў месцах пазбаўлення волі, назвала яго “петухом”, а таксама казала пра тое, што яна патэлефануе сваім сябрам, і яны яго згвалцяць.
Дадзеныя словы Груноў расцаніў як асабістую і вельмі сур’ёзную абразу. Студэнтка за гэта перад ім не прабачылася. 19 верасня 2012 ён сустрэў яе ў аўтобусе і ўзгадаў той канфлікт. Пасля таго, як Емільянчыкава выйшла з аўтобуса, ён дагнаў яе з мэтай пачуць прабачэнні. Але Наталля гэтага не зрабіла, ізноў адказала яму ў рэзкай форме, ужываючы нецэнзурную лексіку.
Паводле п.8 арт.63 КК да абставінаў, змякчаючых крымінальную адказнасць, адносіцца здзейсненае злачынства пад уплывам супрацьпраўных ці амаральных дзеянняў з боку пацярпелага.
Апытаныя на судовым паседжанні псіхалогіі, якія праводзілі экспертызу асобы Аляксандра Грунова, патлумачылі, што любая моцная знявага не прымусіць яго адразу прадпрымаць нейкія дзеянні. Пры гэтым калі Груноў пачынае ўвесь час думаць пра абразу, гэта можа давесці яго да моцнага гневу. Таксама эксперты патлумачылі, што калі б Емільянчыкава папрасіла прабачэння, Груноў мог бы проста сысці.
Варта адзначыць, што асуджаны ўвесь час заяўляў у судзе, што сваю віну ўсведамляе і не адмаўляе. Аднак пры дадзеных абставінах існуе магчымасць замены смяротнага пакарання на альтэрнатыўнае – пажыццёвае зняволенне.
Менавіта з такой просьбай ён звярнуўся ў камісію па пытаннях памілавання пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Заўважым пры гэтым, што яшчэ да вынясення канчатковага рашэння суда Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з генпракурорам Аляксандрам Конюкам заявіў, што Груноў заслугоўвае толькі смяротнага пакарання.
Нагадаем, 10 красавіка зварот ад імя Аляксандра Грунова быў зарэгістраваны ў Камітэце па правах чалавека ААН. Паводле п. 92 Правілаў працэдур Камітэта дзяржава не павінна прыводзіць у выкананне смяротны прысуд да разгляду звароту па сутнасці ў ААН.