У Вярхоўным судзе пацвердзілі – Паўла Селюна расстралялі
Маці асуджанага на смерць спрабуе высветліць, ці прыведзены ў выкананне прысуд яе сыну. І хоць адвакату пра расстрэл паведамілі яшчэ 18 красавіка, сваякам Селюна дагэтуль не прыходзілі афіцыйныя пацверджанні з суда.
Тамара Сялюн паведаміла, што сёння яна была ў СІЗА на Валадарскага, дзе апошні час знаходзіўся Павел. Там дзяжурны паведаміў жанчыне, што Паўла Селюна ў следчым ізалятары няма, але ці прыведзены ў выкананне вырак не адказалі.
Далей жанчына накіравалася на асабісты прыём да намесніка старшыні Вярхоўнага суда Валерыя Калінковіча. Менавіта ён пакінуў у сіле прысуд першай інстанцыі – найвышэйшая мера пакарання праз расстрэл.
Суддзя паведаміў, што афіцыйнае пацверджанне аб выкананні прысуда асуджанаму павінен даслаць суд першай інстанцыі – Гродзенскі абласны суд. Аднак сам Калінковіч пацвердзіў, што Паўла расстралялі, адзначыўшы пры гэтым, што “гэта ні для каго не сакрэт”. Таксама намеснік старшыні ВС паабяцаў, што вінаватыя ў тым, што маці своечасова не даслалі дакументы, будуць прыцягнутыя да адказнасці.
Тамара Сялюн падкрэслівае, што ні з адміністрацыі прэзідэнта, куды яна звярталася з просьбай памілаваць яе сына; ні з Гродзенскага абласнога суда, які выносіў прысуд Паўлу; ні з СІЗА, дзе ён сядзеў апошні час, яна не атрымала ніводнага дакумента пра лёс Паўла. Жанчына збіраецца звярнуцца са скаргамі ў кампетэнтыя органы. Яна таксама будзе прасіць выдаць цела сына і ўсе ягоныя асабістыя рэчы.
Аднак Валер Калінковіч адразу папярэдзіў жанчыну, што паводле крымінальна-выканаўчага заканадаўства Беларусі цела расстралянага чалавека сваякам не выдаюць, месца ягонага пахавання таксама не паведамляюць. Дадзеная норма закону неаднаразова крытыкавалася міжнарожнымі праваабарончымі арганізацыямі.
Сям’я Паўла Селюна мае намер звярнуцца і ў міжнародныя структуры – Камітэт па правах чалавека ААН.
“Дзеля свайго сына, дзеля тых, хто быў асуджаны на смерць і каго яшчэ асудзяць, пакуль у нас не адменена смяротнае пакаранне, я абавязана прайсці ўсе інстанцыі, - кажа жанчына. – Пакуль не ўбачу цела Паўла, не змагу паверыць, што яны яго расстралялі”.
Тамара Сялюн адзначыла, што апошні ліст ад сына атрымала 16 красавіка. У ім Павел піша, што ў яго ўсё ў парадку. Просіць маці прывезці паболей кніг. На 24 красавіка было запланаванае іх спатканне. За некалькі дзён да таго ў мінскім СІЗА пацверджвалі, што сустрэча застаецца ў сіле. “А 18 красавіка адвакат прыйшла на спатканне з сынам і ёй ўжо сказалі, што ён “убыл по приговору”, - кажа Тамара Мікалаеўна.
Па словах маці, Павел цалкам усвядоміў сваю віну. У лістах ён увесь час пісаў пра раскаянне. Усе паведамленні ад яго прыходзілі з подпісам, дзе імя і прозвішча з малой літары – ён лічыў, што не заслугоўвае наймення з вялікай літары. Апошнія лісты Павел пісаў па-беларуску.
Нагадаем, 12 чэрвеня 2013 Гродзенскі абласны суд прызнаў Паўла Селюна вінаватым па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: забойства дзвюх асоб, учыненае з асаблівай жорсткасцю; крадзёж; здзек над трупамі; крадзёж асабістых дакументаў. Да гэтага малады чалавек не меў судзімасцяў. Свае дзеянні ён патлумачыў рэўнасцю – забітыя – ягоная жонка і яе каханак, якіх ён застаў у адной кватэры.
Па сукупнасці злачынстваў суд першай інстанцыі прыгаварыў Паўла да выключнай меры пакарання - расстрэлу. Працэс вёў суддзя Анатоль Заяц.
Сялюн падаў касацыйную скаргу на прысуд. 17 верасня 2013 яе разглядала судовая калегія Вярхоўнага суда пад старшынствам Валера Калінковіча. Вызначэнне - пакінуць прысуд у сіле.
18 красавіка 2014 адвакату Паўла паведамілі, што ён “убыл по приговору”. На звычайнай мове гэта значыць расстрэл.