Артур Кёстлер: Смяротнае пакаранне - праблема маралі

Артур Кёстлер
Артур Кёстлер

Вядомы англійская пісьменнік і публіцыст Артур Кёстлер (1905–1983) быў адным з першых еўрапейскіх інтэлектуалаў, які закрануў праблему смяротнага пакарання ў ХХ стагоддзі.

У часы рэжыму дыктатара Франка Артур Кёстлер сам знаходзіўся ў іспанскай турме пад пагрозай смяротнага пакарання: «я правёў тры месяцы пад пагрозай смяротнай кары за шпіянаж, быў сведкам пакаранняў смерцю маіх таварышаў і рыхтаваўся да ўласнага. Ад гэтых трох месяцаў у мяне назаўсёды засталася павышаная цікавасць да смяротнага пакарання. Нешта накшталт той цікавасці, якая магла з’явіцца ў «недапавешанага Сміта», чыя вяроўка была перарэзаная праз пятнаццаць хвілінаў пасля пачатку працэдуры. І якому, усё ж, удалося выжыць».

Свае “Разважанні пра шыбеніцу” Артур Кёстлер напісаў ў 1955 годзе. У 1955-м яму ўдалося ініцыяваць у Англіі нацыянальную кампанію за адмену смяротнага пакарання. У 1957-м кніга Артура Кёстлера выйшла асобным выданнем у Францыі пад адной вокладкай з «Разважаннямі пра гільяціну» Альбера Камю.

У 1964 годзе ў Англіі апошні раз быў прыведзены ў выкананне смяротны прысуд. У гэтым годзе Артур Кёстлер ужо мог напісаць выдаўцу: «У Англіі бітва выйграная».

У 1973 годзе ў Англіі смяротнае пакаранне было адмененае за злачынствы агульнай юрысдыкцыі, а ў 1998 годзе адбылася поўная заканадаўчая адмена смяротнага пакарання.

“Разважанні пра шыбеніцу”Артура Кёстлера (1955):

«Дні павешання» былі на працягу XVIII і першай паловы XIX стагоддзя раўзначныя народным святам і здараліся нават часцей за апошнія. А рамеснікі, абавязаныя ў прызначаны час пастаўляць свой ​​тавар, не забывалі прадугледжваць у пагадненнях  умову, што «калі на гэты тэрмін будзе прыходзіцца дзень павешання, ён застанецца непрацоўным».

(…) А сцэны, якімі суправаджаліся публічныя пакаранні смерцю, уяўлялі сабой нешта большае за свайго роду нацыянальную ганьбу: гэта былі ўспышкі калектыўнага вар'яцтва, чыё аддаленае рэха можна пачуць да гэтага часу, у моманты, калі аб'ява пра пакаранне смерцю вывешваецца на дзвярах турмы.

XIX стагоддзе працягвала сваё шэсце. Некаторыя еўрапейскія краіны адмянілі смяротнае пакаранне, у іншых яно выходзіла з ужытку. Але ў Англіі публічныя павешанні, хаця ажыццяўляліся ў бліжэйшых ваколіцах турмаў, заставаліся свайго роду афіцыйна арганізаваным шабашам ведзьмаў. Сцэны, якія можна было назіраць тады, выяўлялі рысы незвычайнага ўзбуджэння і гвалту. Гледачы ладзілі бойкі адзін з адным. Так, у 1807 годзе натоўп у сорак тысяч чалавек, што прыйшлі на пакаранне смерцю Холауэй і Хэгерці, быў ахоплены такім вар'яцтвам, што, калі відовішча падыйшло да канца, на пляцоўцы засталося каля ста трупаў.

«Вока за вока, зуб за зуб» - было законам Ізраілевым у эпоху бронзавага стагоддзя. Гэта быў закон, прыстасаваны да ўмоваў жыцця свайго часу.  Гэты закон быў адпрэчаны ў Нагорнай пропаведзі, адкінуты самім Ізраілем, які скасаваў смяротнае пакаранне ў момант здабыцця свайго нацыянальнага суверэнітэту. Права таліёна ў сваёй артадаксальнай форме дажыло да нашых дзён толькі ў кодэксах, якія рэгулююць вендэту сіцылійскіх бандытаў або гангстэраў.

Не выпадкова ранняя Царква адпрэчыла закон крыві: гэта выцякала з глыбіні вучэння Хрыстовага. Ён апраўдваў пакаранне толькі ў тым выпадку, калі яго мэта - выпраўленне злачынца. У старажытным Майсеевым законе смяротнае пакаранне карала не толькі злачынства, але і невыкананне суботы, гандаль рабамі, блюзнерства, абразу бацькоў, чужаложства, а таксама мноства іншых парушэнняў закона.

Зробім выснову. Недахопы закону пра смяротную кару непапраўныя (...), смяротнае пакаранне ў сілу самой сваёй прыроды выключае любую магчымасць адмераць пакаранне прапарцыйна адказнасці. Гэтая жорсткасць і намер, які палягае ў яе аснове, складаюць сутнасць вышэйшай меры пакарання, з'яўляюцца адначасова крыніцай яе прывабнасці і сімвалічнай каштоўнасці для ўсіх сілаў, што супрацьстаяць сацыяльнаму прагрэсу.

(...) Цэлыя пакаленні дзяцей крычалі ад жаху і асалоды ў лялечным тэатры, калі бачылі, як з'яўляецца марыянетачная фігурка кАта. Чатыры кАты трапілі ў нацыянальны біяграфічны слоўнік: Джэк Кеч, Колкрафт і «Уільям Бойлмен» былі пры жыцці гэтак жа папулярныя, як цяпер - кіназоркі. Здавалася, было нешта пацешнае ў самой гэтай працэдуры, як быццам фігурка, якая  дрыгае нагамі ў пятлі вяроўкі, - не чалавечая істота, а карнавальны манекен».

 

Для Артура Кёстлера смяротнае пакаранне - несумнеўнае зло. Вось яго ўласнае прызнанне: «Пакуль смяротнае пакаранне не будзе адмененае, унутраны супакой застанецца для мяне навекі недасяжным».

Артур Кёстлер перакананы, што «эшафот - не проста інструмент смерці - гэта самы старажытны і агідны сімвал адной з схільнасцяў роду чалавечага, што вядзе яго да маральнага краху». Аўтар не шкадуе чытача, апісвае ў сваёй кнізе агідныя "тэхнічныя" падрабязнасці публічных пакаранняў смерцю, мяркуючы, што «неабходна дакладна ведаць, пра што ідзе гаворка».

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны