Справа Івана Фаміна: расстраляны за чужую віну
У 1998 годзе ў Праваабарончы цэнтр “Вясна”, які тады яшчэ меў назву “Вясна -96”, звярнулася маці Івана Фаміна, асуджанага на смяротнае пакаранне. Жанчына перадала праваабаронцам лісты, якія былі напісаныя ў камеры смяротнікаў і апынуліся на волі праз “турэмную пошту”.
У лісце асуджаны да смяротнага пакарання пісаў пра тое, што быў асуджаны за жорсткае забойства таксіста, якога на самой справе не здзяйсняў. Ён таксама даволі падрабязна апісваў умовы ўтрымання ў камеры смяротнікаў:
"Тут натуральнае Пекла...б’юць літаральна за ўсё... Б’юць за тое, что пішаш заявы ў медчастку і каб прыйшоў святар для споведзі. І б’юць яшчэ проста так, калі ў іх няма настрою".
Маці Івана Фаміна сцвярджала, што ўзяць чужую віну на сябе яе сына пераканалі крымінальнікі, якія пагражалі ў адваротным выпадку забіць яго маці і сястру.
Гісторыя Івана Фаміна атрымала працяг у 2012 годзе падчас працы над фільмам “Убыл по приговору”, калі актывісты кампаніі “Праваабароцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” паехалі ў Берлін да Алега Алкаева, які ў 1996-2001 гадах быў начальнікам СІЗА № 1 Мінска. Актывісты кампаніі ўзялі з сабой лісты, якія пісаў Іван Фамін з камеры смяротнікаў у 1998 годзе.
Алег Алкаеў, які на той час кіраваў не толькі СІЗА № 1, але і расстрэльнай камандай, сказаў, што добра памятае Івана Фаміна. А таксама пацвердзіў, што Іван Фамін быў расстраляны за забойства, якое здзейснілі іншыя людзі і “ўсе ведалі”, што ён узяў на сябе чужу віну і агаварыў сябе падчас следства і суда. І хоць “усе ведалі”, Іван Фамін быў расстраляны. Алег Алкаеў падкрэсліў, што расстрэльная каманда – выконвае рашэнне суда, кат не вырашае – каму жыць, а каму памерці, рашэнні прымаюцца на іншым узроўні.