Заява Міжнароднай камісіі супраць смяротнага пакарання па Беларусі: Расстрэл Рыгора Юзэпчука

Міжнародная камісія супраць смяротнага пакарання (ICDP)
Міжнародная камісія супраць смяротнага пакарання (ICDP)

 

Жэнева, 20 траўня 2014 года

Міжнародная камісія супраць смяротнага пакарання (ICDP) асуджае прымяненне ўладамі Беларусі смяротнага пакарання ў дачыненні да 45-гадовага Рыгора Юзэпчука, якое стала другім падобным выпадкам у 2014 годзе.

Дакладная дата расстрэлу Рыгора Юзэпчука невядомая. Як паведамляецца, Магілёўскі абласны суд пацвердзіў выкананне прысуду пасля таго, як сам факт стаў здабыткам грамадскасці 8 траўня. Як паведамляецца, прысуд, магчыма, быў прыведзены ў выкананне ў красавіку. У Беларусі смяротнае пакаранне ажыццяўляецца праз расстрэл. Крымінальна-выканаўчы кодэкс дазваляе ўладам не вяртаць целы расстраляных іх сем’ям, а таксама не паведамляць аб месцы пахавання.

Паводле паведамленняў, атрыманых ICDP, Рыгор Юзэпчук быў першапачаткова прысуджаны да смерці ў красавіку 2013 года за забойства яго сукамэрніка ў турме ў Магілёве ў чэрвені 2012 года. У той час ён ужо адбываў 25-гадовы тэрмін па абвінавачванні ў здзяйсненні двайнога забойства. У ліпені 2013 года Вярхоўны суд пакінуў смяротны прысуд у сіле.

Расстрэл сп. Юзэпчука – другое смяротнае пакаранне, прыведзенае ў выкананне ў Беларусі сёлета. У красавіку адвакату 24-гадовага Паўла Селюна паведамілі, што яго кліент быў расстраляны.

У красавіку 2014 года Спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Міклаш Харасці выказаў занепакоенасць у сувязі з адсутнасцю празрыстасці, якая характэрная сістэме смяротнага пакарання ў краіне. Раней, у кастрычніку 2013 года, ён заявіў, што “тое, як смяротнае пакаранне ажыццяўляецца ў Беларусі, з’яўляецца бесчалавечным абыходжаннем”. Смяротныя прысуды часта выносяцца ў выніку несправядлівых судовых працэсаў, якія суправаджаюцца прымусам да прызнання віны і праходзяць у атмасферы сакрэтнасці, без адпаведнага інфармавання зняволеных, іх сем’яў або законных прадстаўнікоў.

Беларусь з'яўляецца адзінай еўрапейскай краінай, якая па-ранейшаму выкарыстоўвае смяротнае пакаранне.

“ICDP і я заклікаем улады Беларусі спыніць далейшае выкананне смяротных прысудаў, замяніць усе смяротныя прысуды пазбаўленнем волі і абвясціць афіцыйны мараторый на смяротнае пакаранне ў якасці першага кроку да адмены смяротнага пакарання ў адпаведнасці з рэзалюцыямі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, прынятымі ў 2007, 2008, 2010 і 2012 гадах”, — сказаў прэзідэнт ICDP Федэрыка Маёр.

ICDP таксама заклікае Беларусь далучыцца да 160 краінаў з усіх рэгіёнаў, якія, паводле інфармацыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, адмянілі смяротнае пакаранне ці не выконваюць прысуды, прызнаўшы, што сучасная сістэма правасуддзя можа абараніць грамадскасць ад злачыннасці без незваротнага і жорсткага па сваім характары смяротнага пакарання і пастаяннай рызыкі пакараць смерцю невінаватага чалавека.

_____________________________________________________


ICDP была заснавана ў Мадрыдзе ў кастрычніку 2010 года. Камісія складаецца з 15 чалавек з высокай міжнароднай рэпутацыяй з усіх рэгіёнаў свету, якія дзейнічаюць з поўнай незалежнасцю і нейтралітэтам і працуюць пад кіраўніцтвам прэзідэнта сп. Федэрыка Маёра. ICDP выступае супраць смяротнага пакарання пры любых абставінах, лічачы, што яно парушае права на жыццё, замацаванае ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Камісія садзейнічае адмене смяротнага пакаранне ў заканадаўстве тых дзяржаваў, якія дэ-факта прытрымліваюцца мараторыя на прымяненне смяротнага пакарання, і спрыяе ўвядзенню мараторыя на смяротнае пакаранне ў дзяржавах, якія рэдка выкарыстоўваюць смяротнае пакаранне. У дзяржавах, якія працягваюць ажыццяўляць смяротныя пакаранні, ICDP заклікае да строгага выканання міжнародных стандартаў.

Камісія працуе з Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый і іншымі міжнароднымі і рэгіянальнымі арганізацыямі, урадамі і няўрадавымі арганізацыямі дзеля далейшай адмены смяротнага пакарання ва ўсім свеце. Праца ICDP падтрымліваецца разнастайнай групай з 18 дзяржаваў з усіх рэгіёнаў свету, якія змагаюцца за адмену смяротнага пакарання. Яе сакратарыят размешчаны ў Жэневе.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны