Вядомыя людзі Чэхіі пратэстуюць супраць смяротнага пакарання ў Беларусі (ВІДЭА)

Вядомыя людзі Чэхіі пратэстуюць супраць смяротнага пакарання ў Беларусі
Вядомыя людзі Чэхіі пратэстуюць супраць смяротнага пакарання ў Беларусі


Старшыня Камітэта па замежных справах Палаты дэпутатаў Чэшскай рэспублікі Карэл Шварцэнберг (
Karel Schwarzenberg), сцэнарыст і акцёр, лаурэат прэміі “Оскар” Здэнек Сверак (ZdeněSvěrák) і гімнастка, сяміразовая алімпійская чэмпіёнка Вера Часлаўска (Věra Čáslavská) падпісалі петыцыю кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”.

Кожны з падпісантаў прывёў свае аргументы супраць смяротнага пакарання – як у Беларусі, так і ва ўсім свеце.

 

Карэл Шварцэнберг: Вялікую колькасць людзей пакаралі смерцю памылкова

Палітык адзначае, што “ўсё сваё свядомае палітычнае жыццё змагаўся супраць смяротнага пакарання”, да гэтага змагання прывяло разуменне таго, што вялікую колькасць людзей пакаралі смерцю памылкова. Ён выказвае шкадаванне, што тысячы людзей у ХХ і ХХІ стагоддзях “былі пакараныя з палітычных прычынаў, а не таму што яны здзейснілі злачынства”

У свой час спадар Шварцэнберг быў старшынёй Хельсінкскай федэрацыі па правах чалавека і пратэставаў супраць смяротнага пакарання як у Злучаных Штатах, так і ва ўсіх тых нешматлікіх еўрапейскіх краінах, дзе яно яшчэ захоўвалася. “Я лічу гэта варварскім метадам, які сёння не мае абгрунтавання. Як вядома, некалькі дзесяцігоддзяў таму былі падпісаныя Хельсінкскія пагадненні, або дэкларацыя, згодна з якой мы маем права размаўляць пра развіццё пытання правоў чалавека ў іншых краінах. Гэта быў вялікі поспех свайго часу, і на гэтым у свой час былі заснаваныя Хельсінкскія камітэты па ўсёй Еўропе. Усе, хто яе тады падпісаў (за сённяшнюю Беларусь яе падпісаў Савецкі Саюз, але Беларусь і Украіна таксама былі асобнымі краінамі, таму і яны падпісалі), звязаныя гэтым. Гэта значыць, што пра пытанне правоў чалавека мы маем права размаўляць усюды – Партугалія гэта, Іспанія, Швецыя або Беларусь”, - падкрэсліў ён.    

 

Здэнек Сверак: Хочаце арганізоўваць чэмпіянат па хакеі, дзе ёсць строгія правілы, - варта б прытрымлівацца правілаў, да якіх прыйшла Еўропа, і ў пытанні смяротнага пакарання    

Таксама адзначаючы вялікую верагоднасць судовай памылкі, праз што жыццяў пазбаўляюцца нявінныя людзі, спадар Сверак выказвае меркаванне, што “прастрэліць каму-небудзь галаву выйдзе танней, чым утрымліваць яго пажыццёва”, але пры гэтым падкрэслівае, што, падтрымліваючы смяротнае пакаранне, мы таксама становімся забойцамі.

Вядомы сцэнарыст і рэжысёр лічыць, што ён як чэх мае абавязак выказацца пра смяротнае пакаранне ў Беларусі: “Мяркую, што людзям, якія жывуць пры дыктатуры, сказаць гэта цяжка, яны не могуць, але мы можам выказвацца свабодна, і нам нельга змаўчаць. Я павінен сказаць: глядзіце, калі вы хочаце, арганізоўваць чэмпіянат па хакеі, дзе ёсць пэўныя строгія правілы, як, напрыклад, афсайды і розныя жорсткасці, вам таксама было б варта прытрымлівацца правілаў, да якіх прыйшла Еўропа, і не быць адзінай яе краінай, у якой яшчэ існуе сярэднявечнае смяротнае пакаранне”.  
  

Вера Часлаўска: Жыццё – цалкам справа неба і зямлі

Знакамітая гімнастка кажа, што не падтрымлівае смяротнае пакаранне нідзе: ні ў Амерыцы, ні дзе-небудзь яшчэ ў свеце, “таму што жыццё – гэта, уласна кажучы, цалкам справа неба і зямлі, гэта не нешта, пра што вырашае чалавек”. Спадарыня Часлаўска ўзгадвае, як яе шакаваў смяротны прысуд Міладзе Гаракавай* у часы Чэхаславаччыны, “таму што тое яе пакаранне яшчэ больш узмацняла камуністычны рэжым”

“Ніхто не можа ісці супраць прыроды. Гэта датычыць менавіта смяротнага пакарання”, - паўтарае яна, падпісваючы петыцыю.
   

*Мілада Гаракава – вядомая ў Чэхаславаччыне юрыстка і палітык, фігурантка палітычнага працэсу ў 1950 годзе ў Празе, што быў расправай над апанентамі тагачаснага камуністычнага рэжыму. З 13-ці фігурантаў чацвёра былі пакараныя смерцю, нягледзячы на заступніцтва такіх сусветна вядомых асобаў, як нобелеўскія лаўрэаты Альберт Энштэйн і Уінстан Чэрчыль, а таксама Элеанора Рузвельт, першая старшыня Камісіі па правах чалавека ААН і адна з распрацоўшчыкаў Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека. Была пакараная смерцю праз павешанне ў вельмі пакутлівай форме – павольнае ўдушэнне працягвалася чвэрць гадзіны.  

Фота

Петыцыю падпісаў палітык Карэл Шварцэнберг
Петыцыю падпісала спартсмэнка Вера Часлаўска
Петыцыю падпісаў сцэнарыст і акцёр Здэнек Сверак

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны