У Беларусі стартаваў тыдзень асветніцкіх мерапрыемстваў “Правасуддзе і людзі”

Урачысты старт тыдня быў дадзены на прэсавай канферэнцыі ініцыятараў кампаніі “Несмяротнае пакаранне”.

Па словах, прадстаўніка міжнароднага аб’яднання Penal Reform Internation Сяргея Шымавалоса, асноўная мэта тыдня – яшчэ раз даць беларускаму грамадству нагоду задумацца і ацаніць усе аргументы за і супраць захавання ў краіне вышэйшай меры пакарання.

Па словах Шымавалоса, PRI працуе ў сферы рэформаў пенітэнцыярнай сістэмы ва ўсім свеце менавіта ў тых краінах, дзе адчуваецца запатрабаванасць грамадства ў такіх рэформах. На думку эксперта, у Беларусі такая запатрабаванасць гучыць надзвычай актуальна.

– Менавіта таму РПГА “Беларускі Хельсінскі камітэт”, Міжканфесійная місія “Хрысціянскае сацыяльнае служэнне”, Penal Reform Internation і шэраг іншых партнёраў вырашылі правесці цэлы тыдзень шырокага інфармавання грамадскасці. У праграме тыдня – экспертныя круглыя сталы, публічныя лекцыі, вечаровыя кінапаказы, а таксама вялікая канферэнцыя з прадстаўнікамі хрысціянскіх канфесій.

Так, 3 чэрвеня эксперты збяруцца на круглы стол каб абмеркаваць адказнасць грамадства за рэабілітацыю дзяцей асобаў, асуджаных да смяротнага пакарання, пажыццёвага і вельмі працяглага зняволення. На круглым стале 6 чэрвеня гаворка пойдзе пра спаборнасць адвакатаў і грамадскіх абаронцаў у судовых працэсах па цяжкіх крымінальных злачынствах, а ўвечары таго ж дня з публічнай лекцыяй у Мінску выступіць заслужаны юрыст, ініцыятар увядзення суда прысяжных у Расійскай Федэрацыі Сяргей Пашын.

Апроч афіцыйнага пачатку тыдня праваабаронцы прэзентавалі журналістам і сайт кампаніі. На старонцы 24a.by, па словах Юліі Хлашчанковай з БХК, удзельнікі кампаніі сабралі ўсе аргументы барацьбітоў за і супраць смяротнай кары, а таксама прыхільнікаў увядзення мараторыю на яе.

– Ідэя сайта палягае ў тым, каб даць людзям магчымасць у цішыні, без агрэсіі, ацаніць усе перавагі і хібы таго ці іншага рашэння і зрабіць выбар для сябе асабіста. Бо вельмі часта развагі пра смяротнае пакаранне заспяваюць чалавека ў вельмі стрэсавай, інфармацыйна напружанай сітуацыі. Мы ж хочам даць людзям магчымасць падумаць падчас наведвання сайта і ўсіх мерапрыемстваў тыдня.

Расклад мерапрыемстваў і рэгістрацыя – тут. Запрашаем!

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны