Андрэй Палуда: вельмі важна інфармаваць людзей па тэме смяротнага пакарання
"Пытанне адмены смяротнага пакарання ў Беларусі не павінна вырашацца нейкімі штучнымі, паскоранымі тэмпамі. Грамадства "павінна да гэтага саспець", - заявіў у інтэрв`ю міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.
На думку каардынатара кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэя Палуды, для праваабаронцаў гэта непераканаўчае тлумачэнне.
- Вельмі складана зразумець, што мае на ўвазе міністр замежных справаў, спадар Макей, кажучы пра тое, што грамадства “мусіць даспець”. Мы ў межах кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” кажам, што нам вельмі важна інфармаваць насельніцтва па тэме смяротнага пакарання, каб людзі разумелі, які гэта жорсткі і бесчалавечны спосаб пакарання. Мы не збіраемся сядзець і чакаць “пакуль грамадства даспее.
Уладзімр Макей нагадаў, што на рэферэндуме ў 1996 годзе больш за 80% грамадзян Беларусі выказаліся супраць адмены смяротнай кары.
Аднак Андрэй Палуда лічыць, што ўлады не пытаюцца у грамадства, што яно думае па шэрагу важных для яго пытанняў, таму тым болей у пытаннях маралі галасаванне недарэчнае.