Археолаг Мікола Крывальцэвіч пра ахвяраў у Курапатах: знойдзеныя рэчы сведчылі, што людзі рыхтаваліся ў вялікую дарогу (відэа)
Таталітарызм і смяротнае пакаранне звязаныя непарыўна, смяротная кара – інструмент для падтрымання ў грамадстве страху. Пра тое, што адбывалася ў Курапатах свет даведаўся ў 1988 годзе пасля таго, як у газеце “Літаратура і мастацтва” з’явілася першая публікацыя аўтарства Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва “Курапаты – дарога смерці”. І гэтая публікацыя была пачаткам вялікай ініцыятывы і пачаткам узбуджэння грамадскай думкі пра тое, што неабходна ў Курапатах праводзіць даследванні і праводзіць эксгумацыю магіл для таго, каб даказаць і паказаць, што тут, у гэтым урочышчы праводзіліся расстрэлы ў сталінскія часы.
У 1988 годзе ў раскопках у Курапатах прымалі ўдзел вайскоўцы, з вялізных ямаў-катлаванаў салдаты падымалі парэшткі людзей, складвалі ў маленькія труны з дошак. Ці былі парэшткі пасля перапахаваныя – невядома дагэтуль.
Археолаг Мікола Крывальцэвіч, які ўдзельнічаў ў якасьці эксперта ў эксгумацыі ў Курапатах, гаворыць пра загадку, звязаную з тым: куды падзеліся парэшткі людзей і рэчы, якія забралі ў пракуратуру.
- Парэшткі людзей і рэчы, якія былі атрыманыя ў выніку эксгумацыі, былі забраныя ў пракуратуру, які быў лёс гэтых парэшткаў далей мне, напрыклад, вельм цяжка сказаць. Калі гаворка вядзецца пра тое, чаму ўтойваецца ці замоўчваецца праўда пра Курапаты, і робяцца спробы фальсіфікаваць і дыскрэдытаваць тое, што было зроблена,і знойдзена і засведчана ў Курапатах, то гэта ў нейкай ступені перагукаецца з сённяшнім днём. Цяпер жорстксасць часам апраўдваецца і нават апраўдваецца тое, што людзей расстрэльвалі.
Мікола Крывальцэвіч гаворыць пра асаблівасці працы, звязанай з эксгумацыяй целаў:
- Летам 1988 года да мяне звярнуўся Зянон Пазняк, а таксама звярнуўся і да Алега Іова для таго, каб мы ўдзельнічалі ў якасьці экспертаў у эксгумацыі магіл у Курапатах. Саму працу па эксгумацыі магіл праводзіла пракуратура. Афіцыйна гэта гучала як следства, якое праводзіцца для таго, каб устанавіць: хто здзяйсняў расстрэлы ў Курапатах. Праводзіліся раскопкі шасці магіл, бо часу было надзвычай мала, а самі даследванні трэба было правесці за 10 дзён. Для гэтага выбіраліся найбольш тыповыя магілы – паглыбленні ў лесе. Па-першае, пры папярэднім даследванні было выяўлена, што ў лесе знаходзіцца больш за 600 магілаў. Безумоўна, колькасць іх была большая, бо многія былі знішчаныя пракладкай газаправода, пракладкамі дарог, высечкай лесу. Бліжэй да дарог на Заслаўе найчасцей трапляліся парэшткі людзей, якія, хутчэй за ўсё, паходзілі з тутэйшай мясцовасці, былі з Усходняй Беларусі. Далей ад дарогі за пагоркам сустракаліся найчасцей магілы людзей, якіх прывозілі з тэрыторый, якія знаходзіліся ў Заходняй Беларусі альбо краінаў Балтыі. Пра гэта сведчылі рэчы – савецкай вытворчасці і несавецкай вытворчасці і многія іншыя ўскосныя дадзеныя. Выяўляліся глыбокія ямы, глыбінёй да двух метраў, памерамі да некалькі квадратных метраў. Зверху яны былі засыпаныя пяском, а ніжэй сярэдзіны і да самага нізу ляжалі касцякі, парэшткі людзей, каля іх ляжалі некаторыя рэчы. Гэтыя рэчы сведчылі пра тое, што людзі рыхтаваліся ў вялікую дарогу, бо бралі з сабой рэчы, якія звычайна людзі ў той час бралі з сабой у дарогу – зубную шчотку, мыла, цёплыя рэчы. Рэшткі такіх рэчаў былі знойдзеныя ў гэтых магілах. Уся наменклатура рэчаў гаварыла пра тое, што расстрэлы адбываліся ў канцы 30-ых гадоў і што мінімальная колькасць людзей, якая тут магла быць расстраляная – 32 тысячы чалавек. Лічба гэтая вынікала з эксгумацыі магіл – колькі ў адной магіле магло быць расстраляных чалавек і па колькасці тых ямаў, якія на той момант былі ідэнтыфікаваныя. Хаця, безумоўна, колькасць расстраляных магла быць і нашмат большая, але гэта ўстанавіць на сённяшні дзень надзвычай цяжка.
Толькі падчас эксгумацыі пятай магілы ў ліпені 1988 году былі знойдзеныя парэшткі больш чым 260 чалавек. Гэта была даволі такі вялікая магіла. І, у асноўным, тут былі расстраляныя людзі, ці з Заходняй Беларусі, ці з Краін Балтыіі. Тут было даволі такі шмат жанчын расстраляных у гэтай магіле.