Генерал Захаранка планаваў адмену смяротнага пакарання?

Юрый Захаранка
Юрый Захаранка

Генерал Захаранка планаваў адмену смяротнага пакарання?

Дакладна вядома, што генерал Юры Захаранка, калі быў міністрам унутраных справаў, вывучаў працэдуру смяротнага пакарання і планаваў пэўныя змены. Упершыню пра гэта генерал Юры Захаранка распавёў у 1998 годзе Алесю Дашчынскаму - карэспандэнту газеты “Навіны” (“Свабода ” 17 лютага 1998 года). У гэтым жа інтэрв’ю былы міністр унутраных справаў катэгарычна выказаўся супраць смяротнага пакарання.  

Вось, што распавёў генерал Юры Захаранка (УВАГА - ЗВЕСТКІ АКТУАЛЬНЫЯ НА 1998 ГОД): 

- Смяротныя прысуды ў нас выконваюцца з выкарыстаннем сярэднявечных метадаў. Ужываецца самы просты і танны спосаб – расстрэл. Напярэдадні экзекуцыі прыводзіцца “зачыстка” мясцовасці, каб не аказаліся выпадковыя сведкі. Глыбокай ноччу злачынцаў (звычайна збіраюць па некалькі чалавек) пагружаюць на спецыяльную машыну. Рот ім затыкаюць кляпам, каб не дай Бог не закрычалі. З-за псіхічнага злому некаторыя ўжо не могуць рухацца, і такіх асуджаных цягнуць да магілы за рукі. Спецыяльныя супрацоўнікі МУС страляюць прама ў галаву – з вушэй і рота чалавека патокам льецца кроў. Часам прыгавораны знаходзіцца ў шокавым стане, і ў яго страляюць па некалькі разоў, а ён не траціць прытомнасці. Гэта жудаснае, кашмарнае відовішча. Пасля выканання прысуду адбываецца пахаванне (калі гэта можна так назваць) расстраляных – іх закопваюць так, як яны зваліліся ў яму, усіх разам. Цела забітага ніколі не даюць блізкім, нават іх адзенне не аддаюць. Нікому не паведамляюць, дзе і калі быў расстраляы асуджаны. Блізкія не атрымоўваюць апошняга развітальнага спаткання. Усе гэтыя пытанні рэгламентаваныя не законам, а інструкцыямі МУС.

На ролю кАта падбіраюцца спецыяльныя людзі, якія валодаюць моцнай сілай волі – не кожнаму пад сілу расстрэльваць людзей. Але іх таксама нельга доўга выкарыстоўваць, бо дэфармуецца псіхіка. Дарэчы, некаторыя суседнія краіны пасля распаду Савецкага Саюзу аказаліся не гатовымі да выканання смяротных прысудаў. Яны спрабавалі нават заключыць дамову, каб іх смертнікаў расстрэльвалі ў нашай краіне за адпаведную плату. Я катэгарычна адмовіўся ад такой здзелкі і пачаў рыхтаваць прапанову прэзідэнту аб пераглядзе самой працэдуры выканання смяротных прысудаў. Менавіта ў гэты час я пайшоў у адстаўку і нічога не паспеў зрабіць.

Далей генерал Юры Захаранка гаворыць пра неабходнасць адмены смяротнага пакарання:

- Я ўпэўнены, што нам неабходна ліквідаваць інстытут пазбаўлення чалавека жыцця. Смяротная кара не ў стане спыніць злачыннасць. Заходнія псіхіятары-крыміналісты, якія вывучалі гэтае пытанне, прыйшлі да высновы, што ніводзін з асуджаных перад забойствам не думаў пра магчымасць расплаты смяротнай карай. Пасля адмены вышэйшай меры ў краіне не расце колькасць цяжкіх злачынстваў. Здавалася бы, танней расстраляць чалавека ды закапаць. Але такі чынам грамадства закопвае сябе. Нам неабходна павярнуцца да гуманізму і чалавечнасці.                               

 Падчас здымкаў фільму “Убыл по приговору”  актывісты кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” сустрэліся  з журналістам  Алесем Дашчынскім, які распавёў пра сустрэчах з генералам Захаранкам, якія адбываліся ў рэдакцыі газета “Навіны” (“Свабода”) на вуліцы Іванаўскай у Мінску:

- Гэта было заданне рэдакцыі звярнуцца да гэтай тэмы, якая была мала распрацаваная. Пра гэта не так многа пісалі ў той час. Гэта было першае сведчанне, прычым такой асобы, як Юры Захаранка, які займаў пасаду міністра і нядаўна быў з яе звольнены. Ён вывучаў асабіста гэтае пытанне, якое яго моцна хвалявала. У 1998 годзе, практычна, за год да знікнення, ён пагадзіўся распавесці, прывесці факты, як выконваліся смяротныя прысуды. Сапраўды, калі ўсё гэта чытаць, гэта проста жахліва.  Так, як яны гэта выконваюць, так як усё гэта існуе гэта сведчыць пра тое, што да чалавека не ставяцца як да чалавека. І вось калі я перачытваю зараз гэты артыкул, у мяне такое адчуванне, што за гэтыя больш, чым 10 гадоў нічога не змянілася. А потым мы сустракаліся недзе праз год. І так атрымалася, што гэтае інтэрв’ю, якое мы зрабілі з Юрыям Захаранкам было апошнім. І фактычна праз тыдзень з’явілася інфармацыя, што Юры Захаранка знік. Тады я памятаю, што ён прыехаў на легкавіку, гэта была субота, і з ім, здаецца, быў яшчэ кіроўца. І потым мы запісалі гэтае апошняе інтрэв’ю. Ён, канечне, быў моцным чалавек. Гэта была асоба, гэта быў характар… Але мы неяк нават пажартавалі, што генерал ездзіць без аховы. Ужо ў той час адчувалася, што гэтыя хмары над ім ходзяць. Як мы тады пісалі, што за ім аб’яўлена паляванне. Ён, відаць, адчуваў гэты ціск. Адчуваў нейкую небяспеку. І, фактычна, калі я чытаю сведчанні, таго ж Алега Алкаева, таго ж Уладзіміра Барадача, у мяне такое адчуванне і такое пытанне ўзнікае: а ці не перажыў сам Юры Захаранка тое, пра што ён расказаў яшчэ ў першым інтэрв’ю пра смяротнае пакаранне.

Ці мог Юры Захаранка адмяніць смяротнае пакаранне ў Беларусі? Магчыма… Але сам генерал Захаранка стаў ахвярай пазасудовай расправы.   

 

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны