Алесь Дашчынскі: суддзя быў узрушаны, альбо насамрэч быў прыхільнікам адмены смяротнай кары, хаця прызнацца не мог

Алесь Дашчынскі.
Алесь Дашчынскі.

Як асвятлялася тэма смяротага пакарання ў Беларусі?  Адзін з першых грунтоўных матэрыялаў з’явіўся ў незалежнай Беларусі  ў  газеце "Навіны" “Свабода ” 17 лютага 1998 года ў час, калі рэдактарам газеты быў Ігар Гермянчук. Матэрыял быў размешчаны ў раздзеле “Тэма” і меў назву “Смяротнае пакаранне”.    

На той час карэспандэнту незалежнай газеты ўдалося пагутарыць з суддзёй Вярхоўнага суда на тэму смяротнага пакарання. І адбылося гэта ў будынку Вярхоўнага суда, у кабінеце суддзі.

Распавядае журналіст  Алесь Дашчынскі:  

-  Проста сказаў, што я з газеты “Свабода”. І суддзя пагадзіўся гаварыць у  яго ў кабінэце. Гутарку запісваў на дыктафон. Тады яшчэ ўсе здзіўляліся,  як гэта атрымалася. Але відавочна, што доступ да судздзяў быў больш просты.

Я ведаў, што гэты судздзя выносіў смяротныя прысуды. І вырашыў проста пайсці да яго, бо баяўся, што калі буду дамаўляцца па тэлефоне, то ён можа спалохацца і адмовіцца ад інтэрв’ю “Свабодзе”. Таму вырашыў ісці - пашчасціць ці не. І прайшоў, тады, здаецца, і ахова была больш лаяльнай. Пастукаўся, прывітаўся, сказаў, што я са “Свабоды”, раблю такі матэрыял, што: “Вы вядомы судздзя, які выносіў смяротныя прысуды, шмат пра вас чуў добрага, што вы перажываеце за гэтыя прысуды”. І усё. Ён пагадзіўся.

Потым я хадзіў у Мінскі гарадскі суд і там, у канцылярыі, мне далі паглядзець некалькі спраў, па якіх выносіліся смяротныя прысуды. Тут ужо я дамаўляўся папярэдне, але дазволілі, хаця я быў са “Свабоды”. Я туды прыходзіў некалькі разоў. І там я паглядзеў адну справу  - і так выйшаў на сям’ю са Смалявічаў. І ўпершыню тады ўдалося пагутарыць з маці асуджанага да смяротнага пакарання Марыяй Стасяловіч, што, відаць, яшчэ ніхто з не рабіў.

Алесь Дашчынскі гутарыў з суддзёй Уладзімірам Чамруковым, які падчас працы ў Мінскім гарадскі судзе вынес найбольшую колькасць смяротных прысуда, а пасля стаў суддзём Вярхоўнага суда.

Вось фрагмент той гутаркі - суддзя распавядае пра псіхалагічны стан пры вынясенні смяротнага прысуду:  

- Вышэйшая мера – гэта слабасць дзяржавы. Менавіта па гэтай прычыне такая норма ўтрымліваецца ў Крымінальным Кодэксе. У нас яшчэ слабыя іншыя інстытуты, якія маглі бы прывесці грамадства ў нармальны стан. Мне, па характары мяккаму чалавеку, няпроста давалася вынясенне смяротных прысудаў. Добра памятаю першы такі выпадак. Гэта была справа Бабінава і Свіркова, якія забілі пажылую жанчыну, яе нявестку і шасцігадовага Стасіка, а потым падпалілі дом, каб замесці сляды. Абодвух суд прыгаварыў да вышэйшай меры пакарання. Назаўтра я пачаў галіцца і ўбачыў, што ўсё цела пакрыта чырвонымі плямамі. Нервовы стан звычайна такі, што не хочацца датыкацца да ежы. Іншы раз, калі аб’яўляеш прысуд, хочацца як мага хутчэй яго прачытаць і выйсці запаліць цыгарэту. Гэта працэдура вельмі непрыемная. Я асабліа баяўся за родных асуджанага. Я не сумняваюся ні ў адным вынясеным прысудзе, але пасля яго пачынаюць дрыжэць рукі. Вельмі цяжка бачыць слёзы, плач,страту прытомнасці маці асуджанага, даводзіцца выклікаць “хуткую дапамогу”. Асабліва цяжка глядзець у вочы асуджанага, якія адразу становяцца нейкімі шалёнымі. Звычайна пасля абвяшчэння “вышкі” у судзе наступае магільная цішыня і толькі чуваць, як нехта ўпаў альбо ўсхліпнуў. Асуджаныя таксама вядуць сябе па-рознаму, пачынаюць рваць на сабе адзенне, лезуць на клетку, істэрычна крычаць. Адны маўчаць, а некаторыя заяўляюць, што ўчынілі вельмі цяжае злачынства, таму не маюць права жыць.            

Чаму суддзя пагадзіўся на інтэрв’ю з журналістам незалежнай газеты.

Алесь Дашчынскі кажа:

- Відаць, быў узрушаны альбо насамрэч быў прыхільнікам адмены смяротнай кары, хаця прызнацца відаць не мог адназначна.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны