Аляксандра Грунова ў камеры смяротнікаў наведаў адвакат
Праваабаронцы працягваюць адсочваць сітуацыю вакол асуджанага да смяротнага пакарання жыхара Гомеля Аляксандра Грунова. Пасля таго, як старшыня Вярхоўнага Суду Валянцін Сукала асабіста пакінуў без задавальнення наглядную скаргу адваката, смяротны прысуд могуць прывесці ў выкананне ў любы момант.
15 ліпеня з Аляксандрам Груновым сустрэўся адвакат Сяргей Красноў, паведамляе сайт “Гомельскай вясны”.
Па словах адваката, абмяркоўвалася магчымасць падачы яшчэ адной нагляднай скаргі на імя старшыні Вярхоўнага Суда непасрэдна ад самаго Грунова. Гэта апошняя магчымасць звярнуць увагу на змякчаючыя віну абставіны, пра якіяў гэтай справе заявіла судовая калегія па крымінальных справах ВС, адмяніўшы першы смяротны прысуд.
Аляксандр Груноў і яго маці таксама звярнуліся з прашэннем аб памілаванні непасрэдна да прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Практыка паказвае, што ў выніку адмоўнага разгляду прашэння асуджанаму нічога не паведамляецца, рашэнне яму зачытваецца непасрэдна перад выкананнем прысуду.
Трэба адзначыць, што пасля рэгістрацыі праваабаронцамі ў Камітэце па правах чалавека ААН індывідуальнай скаргі Аляксандра Грунова, Ураду Беларусі накіраваная просьба не прыводзіць смяротны прысуд у выкананне да моманту разгляду скаргі па сутнасці. На гэта можа спатрэбіцца ад трох да пяці гадоў.
Таксама стала вядома, што Аляксандра Грунова ў камеры смяротнікаў рэгулярна наведвае святар.