Cкасаваньне сьмяротнага пакараньня можа быць унесенае ў праграму БНФ
Як паведаміў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, на разгляд XVI Зьезду Партыі БНФ, які адбудзецца 13 верасьня, будуць вынесеныя зьмены і дапаўненьні да партыйнай праграмы. Абноўленая рэдакцыя праграмы была распрацаваная палітычная камісіяй БНФ і папярэдне ўхваленая партыйным Соймам.
‑ Гаворка не вядзецца пра кардынальнае рэфармаваньне дзеючай праграмы Беларускага Народнага Фронту, прынятай у 2002 годзе. Большасьць зьменаў маюць тактычны характар і скіраваныя на набліжэньне праграмы да актуальных палітычных рэаліяў. Каштоўнасныя рэчы, датычныя абароны нацыянальных інтарэсаў, нацыянальна-дэмакратычныя прынцыпы БНФ застаюцца нязьменныя.
Разам з тым некаторыя з прапанаваных новых нормаў – дастаткова істотныя. Напрыклад, у праграму прапанавана ўнесьці палажэньне аб скасаваньні сьмяротнага пакараньня. Гэтая тэза гучала ўжо ў часе ранейшых палітычных кампаніяў партыі і фігуравала ў перадвыбарчай плятформе кандыдата ў прэзыдэнты Рыгора Кастусёва на мінулых выбарах, хоць у праграме да гэтага часу яе не было, – адзначыў Аляксей Янукевіч.
Праект новай рэдакцыі праграмы ўключае ў сябе зьмяненьне візіі вайсковай ды адукацыйнай палітыкі, удакладненьне асобных палажэньняў эканамічнага блёку, замацаваньне нормаў пра абарону правоў чалавека (у прыватнасьці, у праграму прапануецца ўвесьці нормы аб барацьбе з дыскрымінацыяй ды іншыя аспэкты набліжэньня да прававых стандартаў Рады Эўропы).
Прапановы па зьмене партыйнай праграмы будуць прадстаўленыя для абмеркаваньня дэлегатам ад тэрытарыяльных суполак партыі і разгледжаныя на XVI З’ездзе Партыі БНФ 13 верасьня.