Як пісаць пра смяротнае пакаранне?
Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе дагэтуль прымяняецца смяротнае пакаранне. Здавалася б, агульнавядомы факт. Аднак сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што беларусы “цалкам не дасведчаныя пра тое, што адбываецца ў краіне” — трэць грамадзянаў пераканана, што ў Беларусі ўведзены мараторый на смяротнае пакаранне.
Эксперты кажуць пра недастатковае адлюстраванне тэмы ў СМІ. Праваабаронца Андрэй Палуда распавёў, як правільна пісаць пра смяротнае пакаранне і якія памылкі найчасцей дапускаюць журналісты.
- Спадар Андрэй, ці дастаткова асвятляецца тэма смяротнага пакарання ў беларускіх медыя?
- На мой погляд, недастаткова. Калі адсачыць публікацыі на гэту тэму, то яны ідуць па сінусоідзе — артыкулы з’яўляюцца, калі ідзе разгляд гучных крымінальных справаў. Але гэтага недастаткова, паколькі і па сацыялагічных апытаннях, і па каментарах пад тэкстамі мы бачым, што насельніцтву не хапае інфармацыі. Напрыклад, у каментарах часта можна знайсці меркаванне, што нельга даваць злачынцу пажыццёвае зняволенне замест смяротнага пакарання, бо яго могуць датэрмінова выпусціць. На чым грунтуецца такое меркаванне? На стэрэатыпах, бо насамрэч яшчэ ніводны беларус, асуджаны на пажыццёвае, не выйшаў на волю датэрмінова.
- Пры апісанні крымінальнай справы ў артыкулах часта закранаецца прыватнае жыццё як злачынцы, так і ахвяры. Ці варта журналістам засяроджваць на гэтым увагу?
- Адным з прынцыпаў правабаабаронцаў з’яўляецца “не нашкодзь”. Тое самае я б параіў і журналістам. Часам пераказ акалічнасцяў прыватнага жыцця пераварочвае гісторыю дагары нагамі. Некаторыя журналісты, каб атрымаць больш рэйтынгавы матэрыял, пачынаюць працаваць, як жоўтая прэса, — пісаць не факты, а сітуацыю праз сваё асабістае ўспрыманне. Прывяду прыклад. У 1998 годзе быў расстраляны Іван Фамін. Пра яго пісалі ў газетах, што ён забіваў катоў, выкалваў ім вочы, фарміруючы ў чытачоў меркаванне, што гэта быў чалавек жорсткі, здольны на самае горшае. Але, на жаль, ніхто з журналістаў не дакапаўся да ісціны — Фамін сябе агаварыў, яго расстралялі памылкова. Гэта пасля пацвердзіў былы начальнік СІЗА №1 г. Мінска Алег Алкаеў, які кіраваў “расстрэльнай камандай”. Таму журналістам варта больш глыбока вывучаць тэму, камунікаваць з адвакатамі, праваабаронцамі і сваякамі з абодвух бакоў справы.
- Але здабываць інфармацыю на тэму смяротнага пакаранне дастаткова складана. Праваахоўчыя органы і суды часта проста адмаўляюцца ад каментароў. А некаторыя факты атрымаць наогул немагчыма — месца пахавання расстрэлянага чалавека не паведамляюць нават сваякам…
- Сапраўды тэма смяротнага пакарання ў Беларусі знаходзіцца пад завесай таямнічасці. І гэту сітуацыю ярка адлюстроўвае крымінальная справа Эдуарда Лыкава, якога ў 2013 прыгаварылі да расстрэлу. Праваабаронцам стала вядома пра гэта, калі ўжо было вынесена рашэнне Мінскага абласнога суда, хоць дагэтуль Лыкаў больш за год знаходзіўся ў СІЗА. Але ніводны чалавек з праваахоўчай сістэмы не паведаміў пра гэта прэсе. Пры гэтым Лыкава абвінавацілі ў пяці забойствах, гэта ж не мех бульбы скрасці! Але толькі калі праваабаронцы паведамілі пра гэту справу, пракуратура, суд і Следчы камітэт пачалі размаўляць з журналістамі. Таму я б параіў карэспандэнтам адсочваць інфармацыю на сайце кампаніі“Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”, цікавіцца навінамі ў праваабаронцаў, адвакатаў і часцей турбаваць запытамі суды і праваахоўчыя органы.
- Ведаю, што ў межах кампаніі “Праваабронцы супраць смяротнага пакарання” вы праводзіце маніторынг публікацыі. Якія памылкі найчасцей дапускаюць журналісты?
- Як адзначала мая калега Наста Лойка, часам журналісты дапускаюць памылкі ў юрыдычнай тэрміналогіі, калі пішуць на праваабарончую тэматыку. Але я б хацеў засяродзіцца на важным прынцыпе, якім некаторыя прадстаўнікі прэсы, грэбуюць. Гаворка пра прэзумпцыю невінаватасці. Пакуль рашэнне суда не ўступіла ў сілу, ніхто не мае права пісаць, што чалавек злачынца.
Возьмем справу Аляксандра Грунова, асуджанага сёлета за забойства студэнткі Наталлі Емільянчыкавай ў Гомелі. Інфармацыя ад пачатку падавалася так, што ён не быў знаёмы з ахвярай і яе сям’ёй, нічога не пісалі пра канфлікт, які адбыўся паміж імі і які стаў прычынай агрэсіі Грунова. Каб чытач зразумеў, у чым там справа, варта было напісаць, што Груноў і Емільянчыкава неаднаразова адпачывалі ў адных кампаніях, што яны былі з адной сацыяльнай групы, а не як пісалі, што яна — студэнтка-выдатніца, а ён былы зэк і наогул ледзь не апошні чалавек у горадзе. Брат забітай сябраваў з Груновым, лічыў яго аўтарытэтам. Ён таксама быў асуджаны, і калі даведаўся, якім зневажальным словам сястра пакрыўдзіла Аляксандра, заклікаў яе папрасіць прабачэння, бо для тых, хто сядзеў, гэта абраза вельмі сур’ёзная. Я не апраўдваю дзеянні Грунова. Гаворка ідзе пра тое, што трэба поўна падаваць карціну, калі мы хочам, каб чытач зразумеў, чаму ўсё так адбылося. І калі мы хочам, каб больш такія злачынствы не паўтараліся.Яшчэ адзін важны момант – мова варожасці ў СМІ. Журналісты, якія пішуць на крымінальную тэматыку, вельмі часта ў матэрыялах выпячваюць факты, датычныя нацыянальнасці і сацыяльнага статуса злачынцы. Напрыклад, на “Беларусь-1” быў зняты фільм пра Рыгора Юзэпчука. У сюжэце ўвесь час падкрэслівалася, што злачынца быў цыганам, хоць пра ягонага саўдзельніка ні разу не падкрэслілі, што ён беларус.
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч тады звяртаўся да старшыні Белтэлерадыёкампаніі з заклікам спыніць распальванне варожасці па нацыянальнай прыкмеце ў эфіры нацыянальнага тэлеканала. Давыдзька, дарэчы, і адказаў, што з супрацоўнікамі аддзела крымінальных навінаў была праведзена тлумачальная гутарка.
- Часам з’яўляюцца публікацыі, у загаловак якіх вынесена словазлучэнне “смяротнае пакаранне”, хоць калі пачынаеш чытаць артыкул, разумееш, што наўрад ці абвінаваўца будзе запрошваць такое суворае пакаранне. Ці варта, на ваш погляд, максімальную санкцыю за злачынства выносіць у загаловак?
- Журналісты імкнуцца зацікавіць чытача, таму зразумела, чаму “смяротнае пакаранне” або “расстрэл” трапляюць у загаловак. Тэма смяротнага пакарання заўсёды збірае шмат праглядаў і каментароў. З аднаго боку, гэта яшчэ адно нагадванне. Адзначу, што многія беларусы, наглядзеўшыся НТВ, лічаць, што ў нас таксама ўведзены мараторый, не адрозніваючы рускае тэлебачанне ад беларускага. З іншага боку, гэтым нельга злоўжываць, каб не згубіць давер чытачоў.
Паводле mediakritika.by