Аблажэй метафарычна перадаў у выглядзе графікі сутнасць аргументаў супраць смяротнага пакарання

Андрэй Палуда і Паліна Сцепаненка на адкрыцці выставы, прысвечанай праблеме смяротнага пакарання ў Беларусі 5 кастрычніка 2014 года.
Андрэй Палуда і Паліна Сцепаненка на адкрыцці выставы, прысвечанай праблеме смяротнага пакарання ў Беларусі 5 кастрычніка 2014 года.

Выставай плакатаў па праблеме смяротнага пакарання ў Менску 5 кастрычніка распачаўся Тыдзень супраць смяротнага пакарання. Большая частка прадстаўленых прац – плакаты Сусветнай кааліцыі супраць смяротнага пакарання з праекта Death Is Not Justice. А лагічны цэнтр выставы склалі працы, створаныя беларускім мастаком з Вільні Алегам Аблажэем, аб’яднаныя ў серыю “Шэсць аргументаў супраць смяротнага пакарання”.

Выступаючы на адкрыццці выставы ў сядзібе “Галіяфы”, каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда звярнуў увагу прысутных на галоўную афішу мерапрыемства: каляровых чалавечкаў, якія ўяўляюць сабой ахвяру і ката:

“Сёння, распачынаючы Тыдзень супраць смяротнага пакарання, хачу сказаць, што ён будзе праходзіць пад мэсіджам “Смяротнае пакаранне – гэта забойства”. Людзі, асуджаныя да смяротнага пакарання, распавядалі ў лістах на волю аб тым, што ў іх ёсць звычка ляпіць “хлебных” чалавечкаў у выглядзе ахвяры і ката. Мы вырашылі выкарыстаць гэты моцны вобраз і ўвасобіць яго ў плакаце, каб паказаць, наколькі псіхалагічна складана асуджаным на смерць злачынцам чакаць выканання прысуду, паказаць, як злачынца становіцца таксама ахвярай. Такая вось тонкая часовая мяжа, час, які называецца калідорам смерці, калі яны сапраўды моцна баяцца дзвярэй, бо смерць, як казаў былы начальнік турмы на Валадарцы, дзе здзяйсняюцца расстрэлы, Алег Алкаеў у адным са сваіх інтэрвію, прыходзіць з-за дзвярэй. Яны кожны раз пільна слухаюць, што адбываецца там, за дзвярыма, чакаючы, што за імі могуць зараз прыйсці.

 “Расстрэл адбываецца ад імя дзяржавы і гэта

 ўсё роўна з’яўляееца злачынствам”.

Вяртаючыся да аргументаў супраць смяротнага пакарання мы, прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”, часта разважалі, якія з іх найбольш важныя і урэшце, гады паўтары таму назад, вырашылі зрабіць відэаролікі, якія б распавядалі пра шэсць такіх аргументаў. І вось аўтары гэтага праекту Паліна Сцепаненка і Віктар Траццякоў, прыступілі да рэалізацыі гэтай задумы. На сёння зроблены чатыры відэаролікі, праца над астатнімі працягваецца. Затым узнікла задума зрабіць плакаты, якія б вобразнымі сродкамі маглі прадэманстраваць гэтыя аргументы. Тым больш, тэма смяротнага пакарання ў Беларуссі дагэтуль не знаходзіла свайго мастацкага ўвасаблення, калі не лічыць вядомай працы Уладзіміра Цэслера “Скажы НЕ смяротнаму пакаранню”.

Пісьменніца і сцэнарыст Паліна Сцепаненка распавяла, чаму “хлебныя чалавечкі” змешчаныя на плакаце афішы, не шэрыя, якімі мусяць быць, а рознакаляровыя. Менавіта пад час працы над адмысловым ролікам  да Тыдня супраць смяротнага пакарання, яна даведаліся, менавіта ад вязьняў, што гэтыя фігуркі фарбуюцца: асуджаныя на смерць выціскаюць з каляровых стрыжняў для аўтаручак пасту і размалёўваюць гэтыя “хлебныя” фігуркі.

Паліна Сцепаненка распавяла таксама пра працу над стварэннем цыклу відэаролікаў  “Шэсць аргументаў супраць смяротнага пакарання”, якіх на сёння маецца пакуль чатыры:

“Пад час працы мы зразумелі, што трэба, каб былі на гэтую тэму і плакаты. Вось тут, у залі, размешчаныя 30 плакатаў Сусветнай кааліцыяй супраць смяротнага пакарання, якіх усяго больш сотні, а ў Беларусі дагэтуль не было створана ніводнай такой графічнай працы. Таму мы звярнуліся да вядомага мастака і графіка, які жыве ў Вільні, Алега Аблажэя, які здолеў метафарычна перадаць у выглядзе графікі сутнасць гэтых аргументаў. І вось сёння ўпершыню дэманструюцца гэтыя трохколерныя (чорна-бела-чырвоныя) плакаты.

Праўда, іх атрымалася ня шэсць, а сем. Аблажэй доўга вырашаў канцэпцыю аднаго з аргументаў-плакатаў і у выніку атрымаліся 2 плакаты, каб быў абраны лепшы. Але мы не змаглі адкінуць ніводнай а з ягоных прац, і таму адзін з аргументаў прадстаўлены двума плакатамі.


Наведвальнікі выставы змаглі праглядзець на вялікім экране адзін з відэааргументаў супраць смяротнага пакарання – чацвёрты, які распавядае пра забойствы палітычных апанентаў і масавыя расстрэлы.

На завяршэнне афіцыйнага адкрыцця выставы Андрэй Палуда адзначыў, што “гэтыя традыцыйныя тыдні праваабаронцы будуць праводзіць да таго часу, пакуль Беларусь не стане свободнай краінай ад смяротнага пакарання і заклікае ўсіх жадаючых наведаць унікальную выставу плакатаў, якая будзе праходзіць у Менску 6 і 7 кастрычніка.

Фота

На адкрыцці выставы, прысвечанай праблеме смяротнага пакарання ў Беларусі 5 кастрычніка 2014 года.
На адкрыцці выставы, прысвечанай праблеме смяротнага пакарання ў Беларусі 5 кастрычніка 2014 года.
На адкрыцці выставы, прысвечанай праблеме смяротнага пакарання ў Беларусі 5 кастрычніка 2014 года.
На адкрыцці выставы, прысвечанай праблеме смяротнага пакарання ў Беларусі 5 кастрычніка 2014 года.
Першы аргумент супраць смяротнага пакарання -- судовая памылка
Другі аргумент супраць смяротнага пакарання -- выканаўцы, якія забіваюць ад імя дзяржавы
Трэці аргумент супраць смяротнага пакарання – Невыдача цел пакарных сваякам – з’яўляецца жорсткім абыходжаннем
Трэці аргумент супраць смяротнага пакарання – Невыдача цел пакарных сваякам – з’яўляецца жорсткім абыходжаннем
Чацверты аргумент супраць смяротнага пакарання – рэлігійны, "Не забі"
Пяты аргумент супраць смяротнага пакарання забойствы палітычных апанентаў і масавыя расстрэлы.
Шосты аргумент супраць смяротнага пакарання – неэфектыўнасць у прафілактыцы злачынстваў

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны