“Тыдзень супраць смяротнага пакарання”: весткі з рэгіёнаў

Тыдзень супраць смяротнага пакарання праходзіць у Гародні
Тыдзень супраць смяротнага пакарання праходзіць у Гародні

Праваабарончыя мерапрыемствы ў межах Тыдня супраць смяротнага пакарання  праходзяць ў Беларусі з 5 па 10 кастрычніка пад лозунгам “Смяротнае пакаранне – гэта забойства”. Праваабарончы цэнтр “Вясна” запрашае ўсіх далучацца да мерапрыемстваў Тыдня, правядзенне якога ў межах кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” становіцца ўжо традыцыйным і прыцягвае ўвагу праціўнікаў смяротнага пакарання з іншых краінаў.

БАРЫСАЎ. Мясцовыя праваабронцы прынялі эстафету Тыдня супраць смяротнага пакарання пад лозунгам "Смяротнае пакаранне - гэта забойства" і правялі інфармацыйную акцыю. У рамках кампаніі імі былі распаўсюджаныя друкаваныя матэрыялы і буклеты, прысвечаныя праблеме смяротнага пакарання ў Беларусі, а таксама падрыхтаваныя матэрыялы па гэтай тэме для друку ў мясцовых сродках масавай інфармацыі.

БАРАНАВІЧЫ: Баранавіцкія праваабаронцы і грамадскія актывісты 7 кастрычніка распачалі Тыдзень супраць смяротнага пакарання. Праваабаронца Сяргей Гоўша правёў кароткую лекцыю, прысвечаную праблеме смяротнага пакарання ў Беларусі, а грамадскія актывісты Віктар Сырыца Віктар і Глеб Маліноўскі арганізавалі гістарычную віктарыну на тэму вышэйшай меры пакарання. Пасля канструктыўнай дыскусіі адбыўся прагляд дакументальнага фільма рэжысёра Віктара Траццякова “Убыл по приговору” і супольнага музычнага праекта “Апошні золак”, у якіх удзельнікі і выканаўцы песен выказваюцца за адмену смяротнага пакарання.

 – Мэта сённяшняй акцыі – гэта адмена смяротнага пакарання і далучэнне Беларусі да агульнаеўрапейскіх каштоўнасцяў. Мы імкнуліся не толькі прыцягнуць увагу людзей да згаданай праблемы, але і пераканаць нашых грамадзян, што смяротнаму пакаранню не павінна быць месца ў дэмакратычным грамадстве, – адзначыў праваабаронца Сяргей Гоўша.

ГАРОДНЯ. 5 кастрычніка гарадзенскія праваабаронцы распачалі агульнабеларускую акцыю “Тыдзень супраць смяротнага пакарання”, абвешчаную кампаніяй “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” і ПЦ “Вясна”. Беларусь адзіная ў Еўропе краіна, дзе практыкуюць смяротнае пакаранне. Таму гэтая тэма для праваабаронцаў вельмі актуальная. Вельмі важным ёсць не толькі штодзённая праца ў гэтым кірунку, але і такія масавыя публічныя акцыі, якія абвастраюць у свядомасці грамадства тэму забойства чалавека дзяржавай. Гарадзенскія праваабаронцы назвалі сваю акцыю “Гародня супраць смяротнага пакарання”.

Напачатку праваабаронцы прапанавалі усім ахвотным прагляд відэастужак на тэму смяротнага пакарання. Затым, у іншай аўдыторыі, была распачата дыскусія “Смяротнае пакаранне і цывілізацыйны выбар”. Удзельнікамі дыскусіі сталі гарадзенскія праваабаронцы Віктар Сазонаў, Уладзімір Хільмановіч, Раман Юргель, Аляксандра Васілевіч, святар грэцка-каталіцкай царквы Андрэй Крот, грамадскія актывісты Вітаўт Парфёненка, Ежы Грыгенча і іншыя.

Кіраўнік гарадзенскай філіі Праваабарончага Цэнтру “Вясна” Віктар Сазонаў падрыхтаваў адмысловы артыкул па дадзенай тэматыцы, які не толькі прадставіў аўдыторыі на абмеркаванне але і размясціў у сеціве, на сайтах Беларускага Радыё Рацыя, “Гарадзенскай вясны”, у тыднёвіку “Ніва”, а таксама адправіў яго на ужо абвешчаны конкурс артыкулаў супраць смяротнага пакарання. Арганізатары мерапрыемства запрасілі усіх прысутных прымаць удзел у такіх конкурсах, і рапаўсюджваць свае погляды ў грамадстве.

Пасля праваабаронцы знялі відэа з людзьмі, якія выказаліся на дадзеную тэматыку. Сярод удзельнікаў знятых відэастужак гарадзенскія праваабаронцы Віктар Сазонаў, Уладзімір Хільмановіч, Раман Юргель, Аляксандра Васілевіч і іншыя. Стужкі будуць размешчаныя ў сеціве, на старонцы Volnajaharodnia, а таксама ў сацыяльных сетках.

Напрыканцы “круглага стала” праваабаронцы раздалі музычныя дыскі і буклеты па тэматыцы смяротнага пакарання.  

МАЗЫР. Актывісты грамадскіх арганізацый абмеркавалі праблему смяротнага пакарання. 5 кастрычніка ў Мазыры адбылася сустрэча актывістаў шэрагу рэгіянальных грамадскіх арганізацый. Мерапрыемства было зладжана ў межах акцыі «Тыдзень супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» і прымеркаванае да Сусветнага дня супраць смяротнага пакарання (10 кастрычніка). Беларусь адзіная ў Еўропе краіна, дзе выносяцца і здзяйсняюцца смяротныя пакаранні.

Па словах праваабаронцы Уладзіміра Целяпуна, удзельнікі сустрэчы ў Мазыры, маючы розны погляд на выкананне смяротных прысудаў у Беларусі, прыйшлі да агульнай высновы – першым крокам павінен быць уведзены мараторый на смяротнае пакаранне. Актывісты абмеркавалі шляхі правядзення інфармацыйных кампаній па праблеме смяротнага пакарання, прававой адукацыі насельніцтва па абароне сваіх сацыяльных правоў.

«З грамадствам патрэбна праводзіць тлумачальную, інфармацыйную працу. Грамадства павінна быць падрыхтавана да прыняцця гэтага кроку – маральна, культурна, духоўна, эканамічна і палітычна. На жаль, у нашай краіне з боку дзяржавы ў гэтым накірунку нічога не робіцца – тэма смяротнага пакарання публічна не абмяркоўваецца, даць магчымасць данесці іншы погляд праз дзяржаўныя СМІ – табу», - пракаментаваў праваабаронца.

Кампанія «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» прыняла на сябе гэты складаны крок падрыхтоўкі беларускага грамадства: спачатку да ўвядзення мараторыю і, як мэта – да адмены смяротнага пакарання.

Напрыканцы сустрэчы грамадскія актывісты атрымалі музычныя дыскі і буклеты па тэматыцы смяротнага пакарання.

МАЛАДЭЧНА. Круглы стол ў межах кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” прайшоў 5 кастрычніка з удзелам прадстаўнікоў праваабарончых (ПЦ “Вясна”, БХК) арганізацый, дэмакратычных партый і грамадзкіх аб’яднаньняў горада. Пасля прагляду віэдафільмаў і ролікаў адпаведнай тэматыкі, адбылася дыскусія па розных аспектах тэмы смяротнага пакарання: чаму не аддаюць целы пакараных родным і сваякам, якая сістэма пакарання больш эфэктыўная – смяротнае пакаранне ці пажыццёвае зняволенне і інш. Усе прысутныя сышліся на тым, што смяротнае пакаранне ў Беларусі мусіць быць адмененае, а блізкія пакараных маюць права на чалавечае стаўленне да сябе.

 

 

 

РЭЧЫЦА. У нядзелю, 5 кастрычніка, у горадзе беларускіх нафтавікоў, у межах кампаніі «Праваабаро
нцы супраць смяротнага пакарання» адбыўся прагляд фільма "Прычына смерці - прочырк" арганізаваны Рэчыцкім аддзяленнем Праваабарончага цэнтру "Вясна". У праглядзе і абмеркаванні складанай для нашай краіны тэмы смяротнага пакарання, якая была прадэманстраваная ў фільме, прынялі ўдел мясцовыя актывісты Партыі БНФ, кампаніі "Гавары праўду" і АГП. 

 

 

Фота

Тыдзень супраць смяротнага пакарання" праходзіць у Гародні
Круглы стол па тэме смяротнага пакарання ў Маладэчна 2014г.
Круглы стол па тэме смяротнага пакарання ў Маладэчна 2014г.
Прагляд і абмеркаванне фільма "Прычына смерці - прочырк" у Рэчыцы.
Прагляд і абмеркаванне фільма "Прычына смерці - прочырк" у Рэчыцы.
Тыдзень супраць смяротнага пакарання праходзіць у Баранавічах.
Праваабаронцы Барысава далучылися да Тыдня супраць смяротнага пакарання.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны