Запрашаем на сустрэчу з Тамарай Чыкуновай

Тамара Чыкунова ля стэнду беларускіх праваабаронцаў на 5-м Сусветным кангрэсе супраць смяротнага пакарання (Мадрыд, 2013)
Тамара Чыкунова ля стэнду беларускіх праваабаронцаў на 5-м Сусветным кангрэсе супраць смяротнага пакарання (Мадрыд, 2013)

Публічная лекцыя праваабаронцы Тамары Чыкуновай, заснавальніцы і кіраўніка ўзбекскай арганізацыі "Маці супраць смяротнага пакарання і катаванняў", адбудзецца 9 кастрычніка з 18.00 да 20.00 у сядзібе "Галіяфы" (вул. Валгаградская, 4а; ст.м. Маскоўская).

Да актыўнай дзейнасці за адмену смяротнага пакарання Тамару Чыкунову прывяла асабістая трагедыя: яна заснавала грамадскую арганізацыю “Маці супраць смяротнага пакарання і катаванняў” у 2000 годзе ва Узбекістане, пасля таго як паводле прысуду расстралялі яе адзінага сына, які ўжо пасмяротна быў прызнаны невінаватым у інкрымінаваных яму дзеяннях. За адмену смяротнай кары ва Узбекістане арганізацыя змагалася восем гадоў: з 1 студзеня 2008 года ў краіне афіцыйна адменены гэты від пакарання.

За сваю дзейнасць праваабаронца адзначана шэрагам прэстыжных узнагародаў, у тым ліку германскай Нюрнбергскай прэміяй у абарону правоў чалавека (2005), медалём Нацыянальнай кансультатыўнай камісіі Францыі па правах чалавека «Свабода, Роўнасць, Братэрства» (2005), медалём італьянскага горада Генуя ў межах руху «Гарады за жыццё - гарады супраць смяротнага пакарання» (2009), французскім нацыянальным ордэнам Ганаровага Легіёна (2010). Праваабаронца была намінаваная на Нобелеўскую прэмію міру 2005.  

Тамара Чыкунова працягвае сваю дзейнасць па адмене смяротнага пакарання ў іншых краінах, і ў першую чаргу ў Беларусі як у апошняй на постсавецкай прасторы краіне, якая практыкуе смяротныя прысуды. Падчас сваіх візітаў у Беларусь яна заўсёды імкнецца сустрэцца і падтрымаць маці пакараных смерцю. Так, у 2010 годзе наведала Святлану Жук у Светлагорску, а ў межах цяперашняга візіту 8 кастрычніка ў Гомелі адбылася яе сустрэча з Тамарай Сялюн і маці вязня камеры смяротнікаў Вольгай Груновай. Разам з беларускімі маці Тамара Чыкунова стала гераіняй прэзентаванага днямі фотапраекта “Вышэйшая мера”.  

Нагадаем, усе гэтыя мерапрыемствы праходзяць у межах Тыдня супраць смяротнага пакарання ў Беларусі, які працягнецца да 10 кастрычніка.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны