Выставу “Вышэйшая мера” наведала маці асуджанага да смяротнага пакарання
Выставу “Вышэйшая мера” наведала маці асуджанага да смяротнага пакарання
Жыхарка Вялейкі Тамара Сялюн, сына якой Паўла ў красавіку 2014 года расстралялі згодна з прысудам Городзенскага абласнога суда , наведала фотавыставу журналіста Сяргея Балая “Вышэйшая мера”. Героямі гэтага фотапраекта сталі Святлана Жук, Любоў Кавалёва,Тамара Сялюн, Вольга Грунова і Тамара Чыкунова - маці, чыіх сыноў дзяржава вырашыла пазбавіць жыцця, прыкрываючыся антыгуманным законам.
Маці, якая дагэтуль адчувае вялікія пакуты ад страты сына, была ўражаная ўбачаным на выставе і лічыць што людзі павінны ведаць і бачыць, хаця б на фотаздымках, гэты пякучы боль маці, чыіх дзяцей па прысуду дзяржавы пазбавілі жыцця. Яна перакананая ў тым, што трэба як мага шырэй дэманстраваць такія рэчы, каб у грамадстве ведалі, як выглядае маці забітага, якія пакуты яна вытрымлівае.
“Памылкова кажуць, што час залечвае, - кажа Тамара Сялюн. -Няпраўда гэта, час не лечыць. Мне сёння кажуць: сонца якое вакол свеціць, лісты жоўтыя паўсюль, а я гэтага не заўважаю, я перастала заўважаць колеры. Учора, праўда, мяне вельмі моцна падтрымала Тамара Чыкунова, я не чакала нават, што ёсць такія людзі. Яе энергетыка дадала мне моцы, каб жыць далей, каб не падаць духам”.
Нагадаем, 8 кастрычніка ў Гомелі праваабаронцы зладзілі сустрэчу ў межах «Тыдня супраць смяротнага пакарання», удзел у якой прынялі маці прысуджаных да смерці: заснавальніца грамадскага аб'яднання «Маці супраць смяротнага пакарання і катаванняў» (Узбекістан) Тамара Чыкунова, жыхарка Вілейкі Тамара Сялюн і гамяльчанка Вольга Грунова. У дачыненні да Паўла Селюна быў выкананы смяротны прысуд. Аляксандр Груноў прысуджаны да выключнай меры пакарання і зараз знаходзіцца ў камеры смяротнікаў.