Карэл Шварцэнберг: Не разумею людзей, якія, пабачыўшы ХХ стагоддзе, падтрымліваюць смяротную кару
Вядомы чэшскі палітык і грамадскі дзеяч Карэл Шварцэнберг 8 кастрычніка ў Мінску браў удзел у праваабарончых мерапрыемствах разам з прадстаўнікамі еўрапейскіх амбасадаў, якія ўваходзяць у Працоўную групу па пытанні смяротнага пакарання ў Беларусі.
У першай палове дня ў ПЭН-цэнтры прайшоў круглы стол, дзе на сустрэчу са спадаром Шварцэнбергам сабраліся сябры гэтай арганізацыі – вядомыя літаратары Уладзімір Арлоў, Адам Глобус, кіраўнік Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч, кіраўнік “Вясны” Алесь Бяляцкі, кіраўнік ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч, і дыпламаты – амбасадар Чэхіі Мілан Экерт, амбасадар Вялікабрытаніі Брус Бакнэл, упаўнаважаны міністр Балгарыі Івайла Іванаў і Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Увечары Карэл Шварцэнберг разам з прадстаўнікамі амбасадаў Чэхіі, Вялікабрытаніі, Балгарыі, кіраўніком ПЦ “Вясна” бралі ўдзел у публічнай сустрэчы ў Галерэі Ў.
Падчас абодвух мерапрыемстваў, якія былі арганізаваныя ў межах Тыдня супраць смяротнага пакарання ў Беларусі, удзельнікі дыскусіі акцэнтавалі ўвагу на каштоўнасным аспекце гэтай праблемы. Бо сумнавядомыя падзеі, якім было насычанае папярэдняе ХХ стагоддзе, і падзеі дня сённяшняга даказваюць вострую неабходнасць у згуртаванні і адзінадушшы ўсяго грамадства дзеля захавання кожнага канкрэтнага чалавечага жыцця.
Так, у сценах пісьменніцкай арганізацыі праваабаронца і літаратар Алесь Бяляцкі адзначыў, што праблема смяротнага пакарання датычыць і лёсу беларускіх пісьменнікаў. Ён нагадаў, што ў 30-я гады мінулага стагоддзя большасць беларускіх пісьменнікаў была забітая Сталіным. “Існаванне смяротнага пакарання ў Беларусі сёння я разглядаю як прамы вынік сталінскай эпохі, як сталінскую спадчыну для нашага народу. Вайна, якая зараз ідзе каля Беларусі, дзе кожны дзень гінуць людзі, зніжае каштоўнасць чалавечага жыцця. Гэтае абясцэньванне жыцця, тым не менш, не павінна зніжаць гэтыя стандарты для нас. Беларуская культура, літаратура заўсёды была гуманнай па сваёй сутнасці, заўсёды выступала за чалавечнасць у чалавеку, шукаючы гэтую чалавечнасць нават у самых неспрыяльных варунках і сітуацыях. І беларуская культура – гэта не “русский мир”, гэта змаганне за чалавека – чалавека цывілізацыйнага, чалавека еўрапейскага”, - сказаў Алесь Бяляцкі.
У кантэксце цяжкіх выпрабаванняў для чалавецтва, якія прынесла папярэдняе стагоддзе, разглядае смяротнае пакаранне і Карэл Шварцэнберг.
“Мы сёння размаўляем пра смяротнае пакаранне, але я не ведаю, як чалавек, які бачыў ХХ стагоддзе, мог яшчэ не вырашыцца ў гэтым пытанні. Я нарадзіўся ў 1937 годзе, у жорсткія часы, і яшчэ да таго, як скончыў школу, па ўсёй Еўропе былі пакараныя смерцю сотні тысяч чалавек. І калі ўзгадаць гэтыя забойствы па ўсёй Еўропе, то проста нельга сабе ўявіць, як сучасны чалавек можа падтрымліваць смяротнае пакаранне.
Так, у гэтым пытанні вельмі вялікую ролю адыгрываюць эмоцыі, таму што калі адбудзецца чарговае страшнае забойства, напрыклад, забойства дзіцяці, то адразу знойдуцца людзі, якія пачнуць выступаць за смяротнае пакаранне. Але, па-мойму, гэта не можа стаць канчатковым довадам для смяротнага пакарання. Таму што мы не можам выключыць магчымасць судовай памылкі. А чалавека, пакаранага смерцю, да жыцця ўжо не вернеш.
Самы цікавы аргумент, які я калі-небудзь чуў, гэта той, што чалавек на пажыццёвым зняволенні дорага абыходзіцца дзяржаве. Але я спытаю, які выбар вы лічаце лепшым: усё жыццё карміць некалькі такіх вязняў ці, верагодна, пакараць смерцю некалькі нявінных людзей?
І вы не можаце адмаўляць тое, што адным з фундаментальных правоў чалавека з’яўляецца яго права на жыццё.
Зразумела, што змаганне супраць смяротнага пакарання падчас з’яўляецца вельмі непапулярным, вам могуць казаць, што вы дапамагаеце злачынцам. Мне таксама вельмі шкада ахвяраў гэтых злачынцаў. Але ці дапаможа гэтым ахвярам тое, што будзе забіты іх забойца? І ў кожнай краіне ў свеце існуюць такія перыяды, калі чалавек павінен супрацьпаставіць сябе большасці. ХХ стагоддзе нас навучыла гэтаму”.
У дыскусіях спадар Шварцэнберг, старшыня Камітэта па замежных справах Парламента Чэхіі, неаднаразова падкрэсліваў, што супраць смяротнай кары трэба змагацца найперш з маральнай кропкі гледжання, што важна аддзяліць сам факт наяўнасці смяротнага пакарання ў краіне ад палітычнай сферы. “Смяротнае пакаранне – гэта не ёсць супрацьстаянне Усходу і Захаду, таму што, як вядома, вялікія праціўнікі на палітычнай арэне Кітай і ЗША – абедзьве дзяржавы маюць смяротнае пакаранне”, - адзначыў ён.
Доўгі час працуючы па праблематыцы правоў чалавека, і апошнія 25 гадоў – з краінамі нашага рэгіёну, спадар Шварцэнберг падкрэсліў, што дзеля адмены смяротнага пакарання варта ствараць больш шырокі фронт, дзеля прыцягннення да праблемы ўвагі як мага большай часткі грамадства, у тым ліку апалітычных людзей. Разам з тым, паколькі галоўнай задачай абаліцыяністаў з’яўляецца захаванне жыцця, у гэтым плане ён не супраць працаваць нават з самымі “дзіўнымі” рэжымамі, нават калі для іх гэта ўсяго толькі пытанне паляпшэння свайго іміджу, бо “звычайна смяротнае пакаранне выкарыстоўваецца рэжымамі, якія не асабліва карыстаюцца павагай ў сусветнай супольнасці”. Таксама з уласнага досведу Карэл Шварцэнберг адзначыў, што ў некаторых краінах менавіта па гэтай праблеме вельмі карыснай была праца з царквой, рэлігійнымі арганізацыямі, нават там, дзе царква вельмі цесна звязаная з кіруючым рэжымам.
Прадстаўнік Каталіцкай царквы, арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці падкрэсліў, што дактрына сучаснай Каталіцкай царквы выразна кажа пра тое, што смяротнае пакаранне недапушчальнае і так было заўсёды, але праблема палягае не ў рэлігіі як такой, бо і сама рэлігія, як паказваюць апошнія падзеі ў свеце, можа стаць прычынай для развязвання агрэсіі. Па словах арцыбіскупа, праблема палягае ў тым, што грамадства не падрыхтаванае да ўспрыняцця тых каштоўнасцяў, якія ў тым ліку прапаведуе і царква. “Як сказаў Карл Шварцэнберг, смяротнае пакаранне - гэта не праблема палітычнай сферы, гэта праблема ўсіх нас і ва ўсім свеце. І пытанне ў тым, што мы робім у паўсядзённым жыцці, як прапагандуем тое, што жыццё чалавека недатыкальнае… Каб змяніць стаўленне грамадства, неабходна шмат часу. І на мой погляд, у гэтым можа дапамагчы асвета, адукацыя. Каталіцкая царква, як, я думаю, і праваслаўная царква, прыкладае для гэтага намаганні ў сваіх сферах, але толькі нашых намаганняў не дастаткова...”
Удзельнікі мерапрыемстваў шмат казалі пра тое, што рэферэндум не можа быць рашэннем адносна існавання смяротнага пакарання ў краіне. У прыватнасці, пра гэта казаў прадстаўнік амбасады Балгарыі Івайла Іванаў: “Тое, што ў 1996 годзе насельніцтва Беларусі на рэферэндуме прагаласавала за смяротнае пакаранне, не можа быць апраўданнем для беларускай дзяржавы, пры вынясенні і выкананні смяротных прысудаў. Гэта антыгуманна. І тое, што ў краіне існуе смяротнае пакаранне, гэта ганебны факт. Я лічу Беларусь не толькі геаграфічным цэнтрам Еўропы, але і цывілізацыйным цэнтрам. Беларускі народы – высокаадукаваны і талерантны, але насельніцтва краіны мала ведае пра смяротнае пакаранне, нават не ўсе ведаюць, што яно існуе ў краіне. Так што разлічваць на асэнсаванае галасаванне “за” ці “супраць” смяротнага пакарання ў Беларусі бліжэйшым часам не даводзіцца. Я перакананы, што гэтае пытанне мусіць быць вырашанае парламентам і прэзідэнтам Беларусі”.
Як адзначыў падчас публічнай сустрэчы прадстаўнік амбасады Вялікабрытаніі Дэвід Спайерс, Працоўная група па пытанні смяротнага пакарання ў Беларусі была ўтвораная каля пяці месяцаў таму і колькасць яе ўдзельнікаў павышаецца. Гэтая працоўная група, прадстаўленая амбасадамі Вялікабрытаніі, Чэхіі, Польшчы, Балгарыі, Францыі, Італіі, выказвае гатоўнасць працаваць з любымі арганізацыямі, якія пераследуюць тую ж мэту – адмену смяротнага пакарання ў Беларусі.
ФОТА: SVABODA.ORG