Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў парушэнне Беларуссю права на жыццё расстралянага Васіля Юзэпчука

Справа Васіля Юзэпчука, жыхара Драгічынскага раёна, была разгледжана Камітэтам па правах чалавека ААН у кастрычніку 2014 года. Пры разглядзе было ўстаноўлена парушэнне п.3 арт. 9 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, паколькі Юзэпчук не быў дастаўлены да суддзі ў тэрміновым парадку для вырашэння пытання пра яго арышт.

Камітэт таксама прызнаў парушэнне дзяржавай арт. 7 Пакта, які забараняе катаванні і бесчалавечнае абыходжанне. Пасля затрымання Юзэпчук падвяргаўся катаванням: яго збівалі супрацоўнікі міліцыі, марылі голадам, кідалі ў карцэр, прымусова паілі гарэлкай і давалі невядомыя пігулкі. Васіль Юзэпчук пад прымусам прызнаўся ў здзяйсненні серыі забойстваў жанчын-пенсіянерак ў Драгічынскім раёне, але затым ён адмовіўся ад сваіх прызнанняў і паведаміў пра катаванні. Пасля гэтага яго змясцілі ў ізалятар і зноў катавалі, каб адмовіўся ад сваіх слоў. Юзэпчук паўторна заявіў пра катаванні, але гэтыя заявы не былі разгледжаны належным чынам.

Юрыст-праваабаронца Раман Кісляк, які прадстаўляе інтарэсы Васіля Юзэпчука ў Камітэце, адзначыў, што міжнародны орган прызнаў і неадпаведнасць судовага разгляду крытэрам незалежнасці і бесстароннасці, доказы віны з’яўляліся ўскоснымі і не дазвалялі зрабіць адназначную выснову адносна вінаватасці. Ні адна з праведзеных экспертыз не падцвердзіла вінаватасць асуджанага. Камітэт палічыў, што асуджэнне да смерці па выніках судовага разбіральніцтва не адказвае патрабаванням арт. 14 Пакта (мінімальныя гарантыі справядлівага судовага працэса) і сведчыць пра адвольнае пазбаўленне жыцця, то бок пра парушэнне права на жыццё (арт. 6 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах).

Паводле Рамана Кісляка, справа Васіля Юзэпчука ужо трэцяя, у якой Камітэт вызначыў парушэнне права на жыццё ў сувязі з вынясеннем смяротнага пакарання.

Васіль Юзэпчук - па нацыянальнасці цыган, меў разумовую адсталасць, дрэнна арыентаваўся ў часе, непісьменны. Ён быў прызнаны вінаватым Брэсцкім абласным судом у забойствах з абцяжарваючымі абставінамі і асуджаны да смяротнага пакарання ў ліпені 2009 года. Прысуд уступіў у сілу 2 кастрычніка 2009 года пасля разгляду касацыйнай скаргі ў Вярхоўным судзе РБ.

Справа Васіля Юзэпчука была зарэгістравана ў Камітэце па правах чалавека ААН 12 кастрычніка 2009 г. Камітэт прыняў меры абароны, паведаміўшы дзяржаве аб неабходнасці ўстрымацца ад выканання смяротнага пакарання, пакуль справа знаходзіцца на разглядзе ў Камітэце. У сакавіку 2010 года Васіль Юзэпчук быў расстраляны.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны