Гомельскія праваабаронцы звярнуліся да спецдакладчыка ААН па пазасудовых пакараннях смерцю
Гомельскі цэнтр стратэгічнай цяжбы накіраваў паведамленне сп. Крыстафу Хэйнсу, Спецыяльнаму дакладчыку ААН па пытанні аб пазасудовых пакараннях смерцю. У паведамленні праваабаронцы інфармуюць спецдакладчыка аб прывядзенні ў выкананне смяротнага прысуду ў дачыненні да гамяльчаніна Аляксандра Грунова, індывідуальная скарга якога знаходзіцца на разглядзе ў Камітэце па правах чалавека ААН.
Праваабаронцы выказалі занепакоенасць прывядзеннем у краіне ў выкананне смяротнага пакарання, якое па сваёй сутнасці з'яўляецца пазасудовым смяротным пакараннем.
"Любое парушэнне патрабаванняў на справядлівае судовае разбіральніцтва кваліфікуецца менавіта як пазасудовае смяротнае пакаранне. У скарзе пакаранага гамяльчаніна якраз раскрываецца парушэнне яго права на справядлівае судовае разбіральніцтва. Урад Беларусі атрымаў запыт не прыводзіць у выкананне смяротны прысуд да таго часу, пакуль справа знаходзіцца на разглядзе Камітэта, тым не менш, парушыў свае абавязацельствы", - адзначыў кіраўнік Гомельскага цэнтра стратэгічнай цяжбы Леанід Судаленка.
У звароце праваабаронцы заклікаюць Спецдакладчыка ААН распачаць усе магчымыя дзеянні ў рамках свайго мандату.