Дзяржава працягвае здзекі з маці пакараных смерцю (ФОТА)
Вольга Грунова, маці гамяльчаніна Аляксандра Грунова, расстралянага 22 кастрычніка 2014 года за забойства сваёй знаёмай Наталлі Емяльянчыкавай, 4 лістапада атрымала яго турэмную робу. У дадзеным выпадку менавіта пасля атрымання пасылкі маці зразумела, што смяротны прысуд прыведзены ў выкананне.
На турэмнай робе смяротніка напісаны белай фарбай літары "ИМН" - выключная мера пакарання. У Беларусі робы атрымлівае сям'я расстралянага пасля выканання прысуду. Прыходзіць турэмная роба поштай у пасылках "Да запатрабавання".
Праваабаронцы разглядаюць пасылкі з турэмнай робай як працяг бесчалавечнага абыходжання з сям'ёй расстралянага. «Пры гэтым запісы, дзённікі і некаторыя іншыя асабістыя рэчы сваякам не вяртаюць», - кажа Андрэй Палуда, каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі». - Пад катэгорыю «асабістых рэчаў» роба смяротнікаў не падпадае, гэта рэч, якую выдае дзяржава».
Нагадаем, што целы расстраляных у Беларусі сваякам для пахавання не выдаюцца, пра месцы пахавання цела не паведамляецца.