30 лістапада - «Гарады за жыццё — гарады супраць смяротнага пакарання». Далучайцеся! (ВІДЭА)

Тамара Чыкунова і праваабаронцы "Вясны" Ірына Смяян-Семянюк, Валянцін Стэфановіч, Андрэй Палуда
Тамара Чыкунова і праваабаронцы "Вясны" Ірына Смяян-Семянюк, Валянцін Стэфановіч, Андрэй Палуда

Кампанія "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" заклікае ўсіх далучацца да акцыі «Гарады за жыццё — гарады супраць смяротнага пакарання», якая ладзіцца 30 лістапада. 

Ініцыятарам штогадовай акцыі з’яўляецца каталіцкая «Абшчына Святога Эгідзія» - адна з найбуйнейшых у свеце у барацьбе за неад’емнае права чалавека на жыццё.

Дата 30 лістапада абраная таму, што ў гэты дзень яшчэ ў 1786 годзе ў італьянскім княстве Таскана ўпершыню ў гісторыі еўрапейскіх дзяржаваў было адмененае смяротнае пакаранне.

Акцыя ладзіцца ў тых краінах, дзе смяротная кара на практыцы ўжо не прымяняецца:гарады без смяротнага пакарання падсвятляюць свае знакамітыя архітэктурныя помнікі і плошчы-сімвалы ў падтрымку права на жыццё. У гэты дзень звычайна ладзяцца канцэрты, сустрэчы, маніфестацыі, дыскусіі на тэму смяротнай кары. Праваабаронцы, грамадскія актывісты і простыя грамадзяне такім чынам спрабуюць давесці, што гэты від пакарання непрымальны ва ўсіх без выключэння выпадках: «Любы смяротны прысуд — гэта знявага чалавечай годнасці, любое пакаранне смерцю — гэта прыкмета культуры гвалту, а не сродак яго стрымання».

Упершыню глабальная акцыя была праведзеная ў 2002 годзе.

Нягледзячы на тое, што ўлады Беларусі не адмаўляюцца ад смяротнага пакарання, праваабаронцы і грамадскія актывісты штогод 30 лістапада далучаюцца да гэтай ініцыятывы з надзеяй на тое, што беларускае грамадства будзе больш актыўна выказвацца супраць гэтага антыгуманнага віду пакарання.

Каб далучыца да акцыі «Гарады за жыццё — гарады супраць смяротнага пакарання», кожны ахвотны можа: 

  1. Зрабіць сэлфі ў сваім горадзе на фоне вядомага будынка, выкласці гэтае фота ў любой сацыяльнай сетцы з хэштэгам #citiesforlife #ЗаЖыццё

  2. Спампаваць і апублікаваць у сацыяльных сетках лагатып кампаніі з хэштэгам #citiesforlife #ЗаЖыццё 

  3. Перайсці па спасылцы і паставіць сабе на фота ў Фэйсбуку “picbadges”

  4. Спампаваць і раздрукаваць малюнкі, зрабіць з імі фотаздымкі і выкласці іх у свае сацыяльныя сеткі з хэштэгам #citiesforlife #ЗаЖыццё

  5. Падпісаць Петыцыю супраць смяротнага пакарання ў Беларусі 

Дзякуем усім неабыякавым абаронцам права на жыццё! 

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны