Суд адмовіў маці расстралянага ў паведамленні пра месца яго пахавання
Гомельскі абласны суд, якi вынес смяротны прысуд мясцоваму жыхару Аляксандру Грунову, адмовіў яго маці ў паведамленні пра месца пахавання расстралянага.
Вольга Грунова атрымала пісьмовую адмову за подпісам старшыні суда Сяргея Шаўцова. Цяпер яна мае намер у судовым парадку дамагацца змены беларускага заканадаўства, якое накладае табу на інфармацыю пра месцы пахавання расстраляных паводле смяротных прысудаў, паведамляе “Гомельская вясна”.
"Мала таго, што Беларусь застаецца адзінай у Еўропе, дзе ад імя дзяржавы расстрэльваюць людзей, дык у краіне да гэтага часу прымяняюцца фактычныя катаванні, жорсткае, бесчалавечнае, прыніжаючае годнасць абыходжанне са сваякамі пакараных. Мала таго, што мне, як у здзек, даслалі казённую адзежу расстралянага сына з надпісам "ИМН" (выключная мера пакарання) на спіне, дык зладзілі яшчэ і пажыццёвыя катаванні - я да канца дзён не даведаюся, дзе пахаваны сын, да канца дзён не змагу наведаць яго магілу", - не стрымліваючы слёзы, кажа забітая горам жанчына.
Нагадаем, згодна з артыкулам 155 Крымінальна-выканаўчага кодэкса, які рэгулюе парадак выканання смяротнага пакарання ў Беларусі, адміністрацыя ўстановы, у якой адбываецца смяротнае пакаранне, абавязаная паведаміць пра выкананне прысуду ў суд, які пастанавіў яго, а суд паведамляе аднаму з блізкіх сваякоў. Цела для пахавання не выдаецца, пра месца пахавання не паведамляецца.
Камітэт па правах чалавека ААН неаднаразова крытыкаваў беларускае заканадаўства, заклікаў дзяржаву спыніць катаванні сваякоў расстраляных. У справе “Любоў Кавалёва і Таццяна Казяр супраць Беларусі” Камітэт ААН указаў, што "поўная сакрэтнасць вакол даты экзекуцыі і месца пахавання, а таксама адмова ў выдачы цела для пахавання ў адпаведнасці з рэлігійнымі перакананнямі і звычаямі сям'і пакаранага зняволенага ствараюць эфект запалохвання і пакарання сям'і шляхам наўмыснага пакідання іх у стане невядомасці і псіхічнага стрэсу, што ўяўляе сабой бесчалавечнае абыходжанне".