Гомель: суд адмовіўся ўзбуджаць грамадзянскую справу па зыску маці расстралянага Аляксандра Грунова

Вольга Грунова
Вольга Грунова

Суд Цэнтральнага раёна Гомеля адмовіў Вользе Груновай (маці расстралянага Аляксандра Грунова) ва ўзбуджэнні грамадзянскай справы супраць Гомельскага абласнога суда і Дэпартамента выканання пакаранняў, якія адмаўляюцца паведаміць месца пахавання яе сына. 13 снежня жанчына падала скаргу на дадзеную адмову раённага суда ў Гомельскі абласны суд.

Раней старшыня Гомельскага абласнога суда Сяргей Шаўцоў адмовіў Вользе Груновай у задавальненні просьбы выдаць цела сына або паказаць месца яго пахавання. Суд спаслаўся на артыкул 175 Крымінальна-выканаўчага кодэкса, згодна якому «смяротнае пакаранне выконваецца непублічна шляхам расстрэлу. Цела для пахавання не выдаецца, аб месцы пахавання не паведамляецца».

З дапамогаю праваабаронцаў жыхарка Гомеля распачала стратэгічную цяжбу, накіраваную на змяненне як заканадаўства, так і практыкі яго прымянення, якія кожны раз вядуць да пакут бацькоў ды сваякоў расстраляных у Беларусі.

«Сакрэтнасць вакол даты выканання прысуду і месца пахавання, а таксама адмова ў выдачы цела для пахавання ў адпаведнасці з рэлігійнымі перакананнямі і звычаямі сям'і пакаранага - эфект запалохвання і пакарання сваякоў расстралянага. Гэта, а таксама ўпартая адмова дзяржавы ў інфармаванні маці аб месцы пахавання сына ўяўляюць сабой бесчалавечнае абыходжанне», - упэўнены праваабаронца Леанід Судаленка, які аказвае юрыдычную дапамогу жанчыне.

Пасля таго, як будуць выкарыстаны ўсе сродкі прававой абароны ўнутры краіны, маці Аляксандра Грунова мае намер звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН.

Аляксандр Груноў быў расстраляны 22 кастрычніка 2014 года за забойства. Ён паспеў зарэгістраваць скаргу ў Камітэце па правах чалавекаААН. Незалежна ад выканання смяротнага прысуду Камітэт па правах чалавека працягвае разглядаць справу Грунова.

 

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны