Беларускія праблемы абмеркавалі ў Сейме Літвы (фота)
9 снежня, напярэдадні Дня правоў чалавека, у Вільні прайшла дыскусія з беларускімі і літоўскімі праваабаронцамі, грамадскімі дзеячамі і сваякамі палітзняволеных, а таксама адкрыццё фотавыставы, прысвечанай праблеме смяротнага пакарання ў Беларусі.
На абмеркаванні беларускай сітуацыі прысутнічалі прадстаўнікі амбасадаў еўрапейскіх краінаў - Швецыі, Польшчы, Вялікабрытаніі, Фінляндыі і іншых, а таксама амбасадаў Расіі і Беларусі.
Мерапрыемствы, арганізаваныя Беларускім Домам правоў чалавека імя Барыса Звозскава сумесна з Freedom House, сталі нагодай для таго, каб звярнуць увагу на асноўныя пытанні па сітуацыі з правамі чалавека і акрэсліць новыя тэндэнцыі.
Так, у якасці адной з самых трывожных і небяспечных тэндэнцый апошняга часу былі ўзгаданыя прэвентыўныя затрыманні палітычных і грамадскіх актывістаў напярэдадні важных палітычных падзей. Таксама падчас дыскусіі “Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў цэнтры ўвагі: выклікі і чаканні напярэдадні 2015 года” прысутныя змаглі падзяліцца поглядамі і меркаваннямі адносна перспектыў Беларусі ў галіне правоў чалавека напярэдадні будучых прэзідэнцкіх выбараў.
“Выбары цягнуць за сабой нязменны ўжо некалькі год запар ланцуг падзей і тэндэнцый: напачатку мы назіраем некаторую лібералізацыю, сітуацыя змякчаецца, улады дэманструюць гатоўнасць да дыялогу, потым праходзяць выбары і зноў пачынаюцца рэпрэсіі”, – адзначыла Ганна Герасімава, дырэктар Беларускага Дома правоў чалавека імя Б. Звозскава. Ганна Герасімава падзялілася таксама чаканнямі праваабаронцаў адносна будучага Універсальнага перыядычнага агляду па Беларусі ў Савеце па правах чалавека Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. УПА закліканы паляпшаць сітуацыю з правамі чалавека «на месцах», спрыяць выкананню абавязацельстваў дзяржавы ў галіне правоў чалавека і ўмацоўваць патэнцыял дзяржавы ў справе абароны правоў чалавека. Сітуацыя з правамі чалавека ў кожнай дзяржаве разглядаецца раз у пяць гадоў. Як адзначыла Ганна Герасімава, у 2010 годзе ў межах такога агляду Беларусь ужо атрымала шэраг рэкамендацый, аднак ні адна з прынцыповых – адносна права на свабоду слова, права на свабоду асацыяцый, смяротнага пакарання ці палітычных зняволеных – так і не была выкананая.
Сваякі палітзняволеных, што прысутнічалі на дыскусіі, падзякавалі міжнароднай супольнасці за падтрымку і падкрэслілі неабходнасць салідарнасці і прынцыповай пазіцыі палітыкаў у дачыненні супрацоўніцтва з уладамі Беларусі. Віціс Юрконіс, праектны дырэктар Freedom House, у сваю чаргу, адзначыў, што пытанне палітычных зняволеных не вымяраецца колькаснымі паказнікамі і мае надзвычайнае значэнне: “Нягледзячы на тое, што зараз на фоне падзей ва Украіне і шэрагу рэпрэсій у Азербайджане, беларуская сітуацыя выглядае стабільна, тут не стаіць пытанне колькасці палітзняволеных, тут пытанне адсутнасці правасуддзя, таму што “прызначыць” вінаватым могуць кожнага”.
У якасці аднаго з самых балючых пытанняў у беларускай сітуацыі з правамі чалавека было ўзгадана смяротнае пакаранне. Як адзначыў каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэй Палуда, за 2014 год ў Беларусі былі выкананыя ўжо 3 смяротныя прысуды і адзін асуджаны на дадзены момант чакае выканання прысуду. У Беларусі смяротныя прысуды выконваюцца ў строгім сакрэце, пра гэта адпаведным чынам не апавяшчаюць зняволеных, іх сем’і або іх законных прадстаўнікоў. Нягледзячы на запыты сваякоў, месца пахавання расстраляных таксама трымаецца ў сакрэце і гэта, як адзначыў Андрэй Палуда, разглядаецца праваабаронцамі як жорстае і бесчалавечнае абыходжанне са сваякамі асуджаных. Менавіта маці пакараных смерцю людзей была прысвечаная фотавыстава Сяргея Балая “Вышэйшая мера”. Акрамя фотаздымкаў прысутныя змаглі пабачыць турэмную робу Аляксандра Грунова, чый прысуд быў выкананы ў кастрычніку 2014 года. Робу з надпісам “ИМН” - выключная мера пакарання – прыслалі маці Аляксандра пасля выканання прысуду. “Гэта не проста жорсткае абыходжанне, гэта здзек”, - заявіў Андрэй Палуда.