Канстытуцыйны суд параіў маці пакаранага смерцю Аляксандра Грунова звярнуцца да дэпутатаў, ураду і прэзідэнта
Маці расстралянага жыхара Гомеля Аляксандра Грунова атрымала адказ на свой зварот у Канстытуцыйны суд. Вольга Грунова прасіла КС звярнуць увагу на калізіі Крымінальна-выканаўчага кодэкса, які забараняе выдаваць целы пакараных смерцю і паведамляць пра месцы іх пахавання, што супярэчыць Канстытуцыі Беларусі і Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ратыфікавала Рэспубліка Беларусь. Жанчына лічыць, што абстаноўка поўнай сакрэтнасці вакол працэдуры смяротнага пакарання, месцаў пахавання расстраляных, адмовы ў выдачы целаў для пахавання раўнацэнныя па сваёй сутнасці запалохванню і пакаранню сем’яў расстраляных, паколькі іх наўмысна пакідаюць у стане няпэўнасці і псіхічных пакутаў.
“Такое стаўленне дзяржавы да сям'і, сваякоў пакаранага смерцю раскрывае парушэнне ч.3 артыкула 25 Канстытуцыі, згодна з якой “ніхто не павінен падвяргацца жорсткаму, бесчалавечнаму абыходжанню”. Гэта пацягнула за сабою і парушэнне артыкула 7 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ўстанаўлівае, што “ніхто не павінен падвяргацца жорсткаму, бесчалавечнаму абыходжанню”, - пісала ў вышэйшую судовую інстанцыю маці пакаранага смерцю.
У звароце ў КС Вольга Грунова прасіла распачаць вытворчасць па справе аб скасаванні ў нарматыўна-прававых актах супярэчнасцяў і калізій у святле гарантый ч. 3 артыкула 25 Канстытуцыі і артыкула 7 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, а таксама прыняць рашэнне аб унясенні зменаў у заканадаўства.
КС нагадаў жыхарцы Гомеля, што, згодна заканадаўству, уносіць прапановы ў вышэйшую судовую інстанцыю маюць права Палата прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі, прэзідэнт, Вярхоўны суд і Савет міністраў.
«У РБ для грамадзян устаноўлены ускосны доступ да канстытуцыйнага правасуддзя – яны звяртаюцца з ініцыятывай аб унясенні прапаноў да органаў, якія валодаюць правам унясення ў КС такіх прапаноў», - патлумачылі Вользе Груновай у КС і прапанавалі звярнуцца да пералічаных органаў.
Маці расстралянага плануе ў бліжэйшы час накіраваць звароты ў ПП НС, Савет міністраў, прэзідэнту і так далей.
Нагадаем, нядаўна суд Цэнтральнага раёна Гомеля адмовіў Вользе Груновай ва ўзбуджэнні грамадзянскай справы супраць Гомельскага абласнога суда і Дэпартамента выканання пакаранняў, якія адмаўляюцца паведаміць месца пахавання яе сына. 13 снежня жанчына падала скаргу на дадзеную адмову раённага суда ў Гомельскі абласны суд.
Раней старшыня Гомельскага абласнога суда Сяргей Шаўцоў адмовіў Вользе Груновай у задавальненні просьбы выдаць цела сына або паказаць месца яго пахавання. Суд спаслаўся на артыкул 175 Крымінальна-выканаўчага кодэкса, згодна якому «смяротнае пакаранне выконваецца непублічна шляхам расстрэлу. Цела для пахавання не выдаецца, аб месцы пахавання не паведамляецца».
З дапамогаю праваабаронцаў жыхарка Гомеля распачала стратэгічную цяжбу, накіраваную на змяненне як заканадаўства, так і практыкі яго прымянення, якія кожны раз вядуць да пакут бацькоў ды сваякоў расстраляных у Беларусі.