Вольга Грунова патрабуе змяніць заканадаўства, якое забараняе выдаваць сваякам целы растраляных
Маці пакаранага смерцю гамельчука Аляксандра Грунова просіць Прэзідэнта, абедзьве палаты Парламента, Вярхоўны суд і Урад краіны ініцыяваць перад Канстытуцыйным судом пытанне аб неканстытуцыйнасці Крымінальна-выканаўчага кодэкса, які забараняе выдаваць целы растраляных і паведамляць аб месцах іх пахавання.
“Я напрамую прасіла аб гэтым Канстытуцыйны суд, але ў вышэйшым судовым ведамстве мяне накіравалі да ўпаўнаважаных суб’ектаў, пералічаных у артыкуле 116 Канстытуцыі. Адначасова, з дапамогаю праваабаронцы Леаніда Судаленка я праз суд першай інстанцыі распачала цяжбу, накіраваную на змены ў гэтым пытанні. Зараз праходзім касацыйную інстанцыю, пасля чаго падымем гэтае пытанне на міжнародным узроўні праз скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека”, - падзялілася планамі Вольга Грунова.
Жанчына лічыць, што абстаноўка поўнай сакрэтнасці ў дачыненні да пакарання смерцю і месцаў пахавання, адмова ў выдачы цела расстралянага сына для пахавання раўнацэнныя па сваёй сутнасці запалохванню і пакаранню сем’і, паколькі іх наўмысна пакідаюць у стане нявызначанасці і псіхічных пакут.
У Камітэце ААН па правах чалавека неаднаразова разглядаліся скаргі беларускіх грамадзян аб нявыдачы сваякам цел расстраляных. У справах №886/1999 Бандарэнка супраць Беларусі, №887/1999 Ляшкевіч супраць Беларусі, №2120/ 2011 Любоў Кавалёва і Таццяна Казяр супраць Беларусі Камітэт абавязаў Беларусь паведаміць сваякам пакараных месцы пахаванняў іх дзяцей і не дапускаць аналагічных парушэнняў у будучыні.