Суд не задаволіў заяву Міхаіла Гладкага на кампенсацыю за пакуты падчас незаконнага зняволення

Міхаіл Гладкі
Міхаіл Гладкі

Раніцай 28 студзеня ў Мінскім раённым судзе разглядалася заява Міхаіла Гладкага на кампенсацыю маёмасных і маральных правоў за незаконы прысуд у 8 гадоў зняволення.

Падчас судовага паседжання Міхаіл Гладкі распавёў, што фізічная сіла прымянялася ў дачыненні да яго толькі ў момант затрымання: адзін з супрацоўнікаў міліцыі, якую ён сам выклікаў на месца забойства яго маці і брата, некалькі разоў ударыў яго ў грудзі і жывот. На пытанні суддзі, ці прымянялася да яго фізічнае ці псіхалагічнае ўздзеянне падчас следства і суда – адказваў адмоўна. Свае раней дадзеныя паказанні – падцвярджаў. Але адзначыў, што ўвесь час думаў, што менавіта ён забіў роднага брата – Віктара, калі нанёс яму некалькі ўдараў лязом сякеры, таму і прызнаваў віну на следстве і ў суде.

Таксама сцвярджаў, што знаходзячыся на абследванні і судова-медыцынскай экспертызе ў Навінках, баяўся, што яго прызнаюць псіхічна хворым, і таму пасля падпісваў усе паперы, якія яму прад’яўлялі.

Прадстаўнік заяўніка Крэмко В. ў сваёй прамове звяртала ўвагу на абставіны забойства Гладкай Р. і Гладкага В., на недастатковае расследаванне з боку органаў, што вялі крымінальную справу, а таксама неналежную ацэнку з боку суда шматлікіх супярэчлівых фактаў, якія былі пакладзены ў аснову даказвання віны Міхаіла. Таксама звярнула ўвагу суда, што на дадзены момант у нарматыўна-прававых актах Рэспублікі Беларусь няма дакладнага вызначэння “дабраахвотнага агавору”. У выступе яна спасылалася на Пастанову Пленума Вярхоўнага Суда СССР ад 23.12.1988 г. № 15, дзе даецца наступнае: “Пад самаагаворам варта разумець загадзя ілжывыя паказанні падазраванага, абвінавачанага, падсуднага, дадзеныя з мэтай пераканаць органы папярэдняга расследавання і суд у тым, што менавіта ім здзейснена злачынства, якое ён не здзяйсняў. Самаагавор, што зьявіўся следствам прымянення да грамадзяніна гвалту, пагроз і іншых незаконных мераў, не замінае кампенсацыі ўрону. Пры гэтым факт гвалту, пагроз ці іншых незаконных мер павінен быць усталяваны следчымі органамі, пракурорам або судом”.

Згодна з прыведзеным азначэннем, лічыць, што ў выпадку справы Гладкага Міхаіла не было падстаў для добраахвотнага агавору, заяўнік шчыра памыляўся, калі прызнаваў сваю віну, не меў намеру ўвесці следства і суд у зман. Таму факт самаагавору ў дадзены момант не можа быць прызнаным. Прадстаўнік заяўніка прасіла задаволіць заяву і выплаціць грашовую кампенсацыю.

Таксама, яна зазначыла, што спраў па кампенсацыі ня шмат, і гэты выпадак можа быць добрым прыкладам правапрымяняльнай практыкі на будучае.

Прадстаўнік Міністэрства фінансаў Мамонаў І. звярнуў увагу суда на тое, што памылкі следства і суда не могуць разглядацца ў дадзеным паседжанне, бо размова вядзецца толькі пра кампенсацыю за незаконы прысуд і зняволенне. Па яго меркаванні, Крымінальна-працэсульны кодэкс дае ўсе падставы меркаваць, што сам факт прызнання віны – ёсць дабраахвотны агавор. А паводле ч.2 арт.461 КПК, у выпадках, калі асоба дабраахвотна агаварыла сябе ў здзяйсненні злачынства не прадугледжана права на кампенсацыю шкоды.

Пракурор Ляўковіч А. адзначыў, што пастанова аб сканчэнні крымінальнага пераследу ў дачыненні да Гладкага М. перададзена заяўніку, падставаў для кампенсацыі не маецца, а памер кампенсацыі нанесенай шкоды можа быць вызначаны і прадстаўлены толькі асобе, у дачыненні да якой пастановай суда прызначана выплата такой кампенсацыі. Такім чынам, на яго меркаванне, заява задаволена быць не можа.

Пасля гадзіннага перапынку на вынясенне рашэння, суд палічыў, што сваімі прызнальнымі паказаннямі аб забойстве брата як падчас дасудовай вытворчасці, так і ў ходзе судовага следства, заяўнік добраахвотна агаварыў сябе ў здзяйсненні злачынства, тым самым перашкодзіў устанаўленню сапраўдных абставінаў крымінальнай справы, што ў адпаведнасці з ч.2 арт. 461 КПК пазбаўляе яго права на пакрыццё шкоды. Довады Гладкага М. і яго прадстаўніка аб добрасумленнай памылцы заяўніка адноснага таго, што брата забіў ён, а таксама непаўнаце папярэдняга і судовага следства, не маюць вырашальнага прававога значэння па справе і не выключаюць дабраахвотнага агавору Гладкага М. сябе самога ў здзяйсненні злачынства. Суд пастанавіў пакінуць заяву без задавальнення. Кампенсацыя Міхаілу Гладкаму за маральныя і фізічныя пакуты і памылку следчых і судовых органаў выплачана не будзе.

Заяўнік плануе абскарджваць рашэнне Мінскага раённага суда.

Юрыст Праваабарочнага цэнтру “Вясна” Павел Сапелка пракаментаваў рашэнне Мінскага раённага суда:

“Я глыбока перакананы ў тым, што галоўная памылка, якую дапусціў суд Мінскага раёна, заключаецца ў тым, што суд палічыў памылкі Гладкага адносна характару сваіх дзеянняў, як тыя, што не маюць вырашальнага прававога значэння па справе. Бо ўпэўненасць Гладкага у тым, што ён забіў свайго брата была шчырай і якіх-небудзь спробаў пераканаць суд у неіснуючых абставінах справы Гладкі не рабіў. Бачыцца, што пад добраахвотным агаворам заканадаўца разумеў тыя выпадкі, калі асоба, напрыклад, свядома агаворвае сябе ў здзяйсненні злачынства, каб вывесці з-пад падазрэння іншую асобу, трапіць у месцы зняволення, каб сысці ад адказнасці за больш цяжкія злачынствы, атрымаць ільготы на доўгатэрміновае спатканне, калі асоба знаходзіцца ў няволі. У пастанове Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 28.09.2001 №9 паказана, што “прызнанне абвінавачаным сваёй віны можа быць пакладзена ў аснову абвінаваўчага прысуду толькі пры пацверджанні яе сукупнасцю іншых доказаў, сабраных па справе”. Гэта азначае, што для суда, які разглядаў крымінальную справы Гладкага, прызнанне абвінавачанага павінна было мець роўна тое значэнне, што і астатнія матэрыялы справы. І тое, і другое павінна было быць грунтоўна даследавана і ацэнена. Само па сабе прызнанне віны не выключае пастановы апраўдальнага прысуду. На гэта ўказаў Пленум Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 28.09.2006 №8: «Пры наяўнасці прызнання абвінавачаным сваёй віны магчымасць пастановы апраўдальнага прысуду не выключаецца, калі сукупнасць сабраных па справе іншых доказаў выклікае абгрунтаваныя сумневы ў яго дакладнасці. У такіх выпадках суду ў ходзе судовага разбору неабходна прыняць меры да высвятлення матываў, якімі кіруецца абвінавачваны”.
Выпадак з Міхаілам Гладкім сведчыць пра тое, што заканадаўства павінна быць у большай ступені канкрэтызаваным ў вызначэнні падстаў да адмовы ў кампенсацыі шкоды, нанесенай незаконнымі дзеяннямі дзяржаўных органаў. І гэтая канкрэтызацыя павінна быць зроблена ў духу максімальнай абароны правоў грамадзян”.

Андрэй Палуда, які прысутнічаў на судовым паседжанні, адзначыў:

“Трэба сказаць, што мы займаемся справай М. Гладкага у межах кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”. Нам гэтая справа цікава не толькі як праваабаронцам, з пункту гледжання таго, што прыгавораны да смяротнага пакарання Эдуард Лыкаў мае дачынення да забойства маці і брата М. Гладкага, за што апошні быў незаконна асуджаны. Але і з чалавечага боку: зразумела, нам шкада чалавека, які папаў пад прэсс машыны, што называецца Рэспубліка Беларусь, чалавека, які жыў амаль 10 год з унутраннымі перажываннямі аб тым, што менавіта ён забіў брата, які згубіў працу і здароўе падчас зняволення.

Акрамя таго, гэта паказчык і пацверджанне аднага з аргументаў супраць смяротнага пакарання, які называецца судовая памылка. Па вялікаму рахунку трэба сказаць, што Міхаіл Гладкі быў на мяжы паміж тэрмінам зняволення і смяротным пакараннем, таму што адразу ішла гаворка, што ён здзейсніў забойства двух чалавек – маці і брата, а у Рэспубліцы Беларусь такая правапрымяняльная практыка, што да смяротнага пакарання прыгаворваюць менавіта за забойства двух і больш асобаў.

Міхаіл з’яўляецца добрым спецыялістам, аднак за 8 год ён страціў сталую працу і кваліфікацыю, і зараз гэта ўплывае на стан яго даходаў. У судзе ён падзяліўся тым, што асноўная яго матывацыя на атрыманне кампенсацыі – выкарыстанне часткі атрыманых грошай на ўстаноўку помнікаў маці і брату, бо зараз ён не мае сродкаў на гэта”.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны