Міхаіл Гладкі падаў скаргу на пастанову Мінскага раённага суда

Міхаіл Гладкі. Фота ПЦ "Вясна".
Міхаіл Гладкі. Фота ПЦ "Вясна".

3 лютага незаконна асуджаны за забойства брата Міхаіл Гладкі падаў касацыйную скаргу ў Мінскі абласны суд. У ёй ён просіць адмяніць пастанову суда Мінскага раёна і прызнаць за ім права атрымання кампенсацыі за нанесеную шкоду незаконным прысудам па ч.1 арт.139 Крымінальнага кодэкса.

У сваёй скарзе Міхаіл паведамляе, што Мінскі раённы суд пры вынясенні рашэння аб незадавальненні скаргі на кампенсацыю не звярнуў увагу на канкрэтныя абставіны справы, пры гэтым не было ўстаноўлена якіх-небудзь аб’ектыўных, бясспрэчных доказаў, што менавіта дачай прызнальных паказанняў ён перашкодзіў устанаўленню сапраўдных абставін крымінальнай справы па забойстве Гладкага В.

Акрамя таго, Гладкі М. звяртае ўвагу, што няма адназначнага паняцця “добраахвотнага агавора”, і мяркуе, што “пад самаагаворам азначаліся заведама ілжывыя паказанні падазраванага, абвінавачанага, дадзеныя ім з мэтай запэўніць органы папярэдняга раследвання і суд у тым, што менавіта ім здзейснена злачынства, якое ён не здзяйсняў. У гэтай сувязі не можа з’яўляцца самаагаворам добрасумленная памылка асобы ў злачынным характары сваіх дзеянняў або ў іх наступствах”. Такім чынам, заяўнік прыходзіць да вываду, што высновы суда пра наяўнасць самаагавору ў яго прызнальных паказаннях не маюць падставаў.

Нагадаем, што у 2003 годзе Міхаіла Гладкага асудзілі да 8 гадоў зняволення за забойства роднага брата. На той момант ён прызнаў сваю віну, бо шчыра лічыў, што забіў брата. У 2012 годзе прысуд у адносінах да яго быў адменены ў сувязі з адсутнасцю ў дзеяннях прыкметаў злачынства. За забойства ў тым ліку і Гладкага В. быў прыцягнуты да адказнасці Лыкаў Э., а Міхаіл у сваю чаргу звярнуўся ў Мінскі раённы суд з заявай аб прызнанні за ім права на кампенсацыю маёмаснай і маральнай шкоды. Дапамагае яму ў адстойванні правоў Праваабарончы цэнтр “Вясна” у межах кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны