Адміністрацыя Прэзідэнта лічыць, што выдача цел растраляных для пахавання можа пацягнуць негатыўныя эксцэсы
Начальнік галоўнага ўпраўлення па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асобаў адміністрацыі Прэзідэнта Станіслаў Бука адмовіў маці пакаранага смерцю гамельчука Аляксандра Грунова ініцыяваць перад Канстытуцыйным судом пытанне аб змене заканадаўства, якое забараняе сваякам пахаваць целы растраляных. Аналагічную адмову Вольга Грунова атрымала і з апарату Савета Міністраў.
Нагадаем, Вольга Грунова звярнулася да Прэзідэнта, у абедзьве палаты Парламента, Вярхоўны суд і Урад каб ініцыяваць перад Канстытуцыйным судом пытанне аб неканстытуцыйнасці Крымінальна-выканаўчага кодэкса, які забараняе выдаваць целы расстраляных і паведамляць аб месцах іх пахавання.
“Усталяванае артыкулам 175 крымінальна-выканаўчага кодэкса абмежаванне абумоўлена неабходнасцю забеспячэння грамадскага парадку і абароны маральнасці, паколькі інфармацыя пра месца пахавання асуджанага можа ў тым ліку справакаваць негатыўные паводзіны з боку родных і блізкіх пацярпелых ад злачынства і іншых асоб, а таксама пацягнуць іншыя эксцэсы”, - лічаць у прэзыдэнскай адміністрацыі.
Адначасова жанчына атрымала адказ і з апарату Савета Міністраў.
“Інфармуем, што Прэзідыум Савета Міністраў прыняў рашэнне ад адмове ў задавальненні Вашай просьбы аб накіраванні ў Канстытуцыйны Суд прапановы аб праверцы на адпаведнасць Канстытуцыі артыкула 175 крымінальна-выканаўчага кодэкса”, - паведаміла начальнік аддзела па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асобаў апарата Савета Міністраў Л.І. Астроўская.
Трэба адзначыць, што раней па гэтым пытанні Вольга Грунова напрамую звярталася да старшыні Канстытуцыйнага Суду, адкуль яе накіравалі да упаўнаважаных суб’ектаў, так як грамадзяне ў нашай краіне не маюць права ініцыяваць пытанні адносна адпаведнасці нарматыўных актаў Канстытуцыі.
Жанчына заяўляе, што практыка, якая склалася ў Беларусі вакол прывядзення ў выкананне смяротных прысудаў і адмова паведаміць пра месца пахавання роднага сына прычыніла і працягвае прычыняць ёй душэўныя пакуты і псіхічны стрэс.
“Лічу, што абстаноўка поўнай сакрэтнасці ў дачыненні да пакарання смерцю і месцаў пахавання, адмова ў выдачы целаў расстраляных для пахавання раўнацэнныя па сваёй сутнасці запалохванню і пакаранню сем'яў, паколькі нас наўмысна пакідаюць у стане нявызначанасці і псіхічных пакут”, - падкрэсліла Вольга Грунова.
Маці Аляксандра Грунова разам з праваабаронцамі дамагаецца даведацца месца пахавання сына праз суды, якія таксама адмовілі распачаць справу па яе скарзе. Пасля вычарпання ўсіх унутраных сродкаў прававой абароны Вольга Грунова мае намер звярнуцца са скаргаю ў Камітэт па правах чалавека ААН.