Мінскі абласны суд разгледзіць скаргу Міхаіла Гладкага
Разгляд скаргі Міхаіла Гладкага на пастанову Мінскага раённага суда адбудзецца 13 сакавіка ў 10.00 у Мінскім абласным судзе. Заяўнік ў сваёй скарзе просіць адмяніць пастанову Мінскага раённага суда і прызнаць за ім права атрымання кампенсацыі за нанесеную яму шкоду незаконным прысудам па ч.1 арт.139 Крымінальнага кодэкса.
Нагадаем, што ў 2003 годзе Міхаіла Гладкага прысудзілі да 8 гадоў пазбаўлення волі за забойства роднага брата. У 2012 годзе прысуд у дачыненні да яго быў адменены ў сувязі з адсутнасцю ў яго дзеяннях прыкмет злачынства. За забойства ў тым ліку і Гладкага В. быў прыцягнуты да адказнасці Лыкаў Эдуард. Міхаіл Гладкі, у сваю чаргу, звярнуўся ў Мінскі раённы суд з заявай аб прызнанні за ім права на кампенсацыю маёмаснай і маральнай шкоды. Мінскі раённы суд заяву не задаволіў, кампенсацыя выплачана не была.
Дапамагае М. Гладкаму ў адстойванні правоў Праваабарончы цэнтр "Вясна" ў межах кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі".