Чаму беларусаў палохаюць смяротнай карай?
У Беларусі вынесены чарговы смяротны прысуд. 18 сакавіка Гомельскі абласны суд прыгаварыў да вышэйшай меры пакарання жыхара Рэчыцы, які ў жніўні мінулага года згвалціў і забіў 19-гадовую дзяўчыну.
Сёлета гэта першы смяротны прысуд. А ў мінулым годзе па рашэнню судоў былі расстраляны тры чалавекі.
Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе і СНД, дзе прымяняецца смяротнае пакаранне. Ці дапаможа палітычная адліга з Еўразвязам скасаваць гэтую расстрэльную практыку?
— Наўрад ці, варта спадзявацца на цудадзейную сілу "адлігі". Яна ў беларускіх уладаў толькі на словах, — лічыць старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі. — Таму я раю прадстаўнікам Еўрапейскага звязу і Рады Еўропы звярнуць увагу на рэальную сітуацыю ў нашай краіне і ацэньваць беларускае кіраўніцтва па ягоных справах.
Як лічыць эксперт, для паляпшэння стасункаў з Захадам, атрымання крэдытаў і прыцягнення інвестыцый улады апошнім часам пачалі выкарыстоўваць ліберальную рыторыку. А ўнутры краіны, каб трымаць сітуацыю пад кантролем, працягваюцца рэпрэсіі, у тым ліку прымяняецца смяротнае пакаранне.
— Беларускія ўлады ўпарта хочуць даказаць, што пазіцыя аўтарытарызму мае права на існаванне ў еўрапейскім абсягу. На мой погляд, гэта несумяшчальныя рэчы, — падкрэслівае былы палітвязень.
Праваабаронца адзначае, што для адмены смяротнага пакарання ў Беларусі мусіць быць палітычная воля кіраўніка дзяржавы.
Паводле словаў эксперта, Аляксандр Лукашэнка не спяшаецца скасоўваць расстрэльныя артыкулы найперш таму, што атаясамлівае сённяшнюю Беларусь з БССР і Савецкім Саюзам, дзе смяротнае пакаранне прымянялася вельмі актыўна.
— Па-другое, гэта сігнал усім беларусам, што наша жыццё знаходзіцца руках Лукашэнкі. Бо па кожным смяротным прысудзе ён прымае рашэнне: памілаваць ці не, — падкрэслівае Алесь Бяляцкі.
Даведка "Заўтра тваёй краіны"
Паводле звестак праваабаронцаў, у Беларусі за перыяд з 1990 па 2015 гады па рашэннях судоў расстраляна 326 человек. Прымяненне вышэйшай меры — адна з галоўных перашкод на шляху нашай краіны у Раду Еўропы.
Генадзь Косараў, "Заўтра таваёй краіны".