Чарговы шанец Міхаіла Гладкага дамагчыся кампенсацыі за 5 год калоніі
Міхаіл Гладкі накіраваў наглядную скаргу Старшыні Мінскага абласнога суда. У ёй ён выказвае нязгоду з пастановамі Мінскага раённага і Мінскага абласнога судоў аб адмове ў матэрыяльнай і маральнай кампенсацыях за незаконнае асуджэнне па ч.1 арт.139 Крымінальнага кодэкса («забойства»).
М.Гладкі лічыць няслушнымі довады судовых інстанцый аб тым, што прызнальныя паказанні ўтвараюць ў дзеяннях заяўніка самаагавор, бо добрасумленны зман асобы ў злачынным характары сваіх дзеянняў альбо іх наступстваў не можа з'яўляцца самаагаворам. Мінскі раённы і Мінскі абласны суды сваімі рашэннямі пазбаўляюць незаконнага асуджанага кампенсацый за памылкі следства і суда, калі прыраўноўваюць памылкі абвінавачанага ў сваёй вінаватасці да самаагавор.
"Асноўнымі прычынамі вынесенага абвінаваўчага прысуду з'явіліся няпоўнасць папярэдняга следства і яго неналежная якасць, невыкананне ўсіх магчымых следчых дзеянняў, няправільнай ацэнцы сабраных доказаў; хібы ў пракурорскім наглядзе за выкананнем законаў у ходзе папярэдняга расследавання злачынстваў, неналежнае выкананне прадпісанняў. Усё гэта пацягнула вынясенне незаконнага прысуду", - піша ў скарзе заяўнік.
У сувязі з гэтым Міхаіл Гладкі просіць прынесці пратэст у Прэзідыум Мінскага абласнога суда на прадмет адмены пастановы суда Мінскага раёна і пастановы Мінскага абласнога суда і перадаць справу на новы судовы разгляд.
Нагадаем, што ў 2003 годзе Міхаіла Гладкага прысудзілі да 8 гадоў пазбаўлення волі за забойства роднага брата. На той момант ён прызнаў сваю віну, так як шчыра лічыў, што здзейсніў злачынства. У 2012 годзе прысуд у дачыненні да яго быў адменены ў сувязі з адсутнасцю ў яго дзеяннях прыкмет злачынства. За забойства ў тым ліку і Гладкага В. быў прыцягнуты да адказнасці Лыкаў Э., а Міхаіл у сваю чаргу звярнуўся ў Мінскі раённы суд з заявай аб прызнанні за ім права на кампенсацыю маёмаснай і маральнай шкоды. Дапамагае яму ў адстойванні правоў Праваабарончы цэнтр "Вясна" ў межах кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі"