Шосты аргумент супраць смяротнага пакарання - неэфектыўнасць у папярэджанні злачынстваў (відэа)
Чарговы фільм рэжысёра Віктара Трацякова з шэрагу "Шэсць аргументаў супраць смяротнага пакарання" распавядае пра неэфектыўнасць смяротнага пакарання ў папярэджанні злачынстваў. Прэм'ерны паказ усяго фільма-цыкла «Шэсць аргументаў супраць смяротнага пакарання» з удзелам рэжысёра Віктара Трацякова, сцэнарыста Паліны Сцепаненка і каардынатара кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэя Палуды адбудзецца 7 кастрычніка ў Вільні ў Музеі ахвяраў генацыду (вул. Ауку, 2) ў межах Тыдня супраць смяротнага пакарання ў Беларусі.
Генерал Юры Захаранка, які быў міністрам унутраных справаў Беларусі, скурпулёзна вывучаў працэдуру смяротнага пакарання і планаваў прапанаваць пэўныя змены ў заканадаўства. Упершыню пра гэта генерал Юры Захаранка распавёў у 1998 годзе Алесю Дашчынскаму - карэспандэнту газеты “Навіны” (“Свабода ” 17 лютага 1998 года). У гэтым жа інтэрв’ю былы міністр унутраных справаў катэгарычна выказаўся супраць смяротнага пакарання.
Генерал Юры Захаранка пра неабходнасць адмены смяротнага пакарання:
- Я ўпэўнены, што нам неабходна ліквідаваць інстытут пазбаўлення чалавека жыцця. Смяротная кара не ў стане спыніць злачыннасць. Псіхіятары-крыміналісты, якія вывучалі гэтае пытанне, прыйшлі да высновы, што ніводзін з асуджаных перад забойствам не думаў пра магчымасць расплаты смяротнай карай. Пасля адмены вышэйшай меры ў краіне не расце колькасць цяжкіх злачынстваў. Здавалася бы, танней расстраляць чалавека ды закапаць. Але такі чынам грамадства закопвае сябе. Нам неабходна павярнуцца да гуманізму і чалавечнасці. (Газета “Свабода ” 17 лютага 1998 года).
5 кастрычніка распачаўся традыцыйны Тыдзень супраць смяротнага пакарання, мерапрыемствы якога будуць праходзіць пад слоганам “Забойства – гэта не правасуддзе”. Жорсткасць і бесчалавечнасць гэтай меры пакарання сімвалізуе роба смяротніка, якую дасылаюць сваякам расстраляных замест іх асабістых рэчаў.