Пра “легальныя забойствы” ў Беларусі дыскутавалі ў Чарнігаве (відэа)

Андрэй Палуда, Любоў Кавалёва, Сяргей Бураў. Дыскусія “Легальнае забойства” ў Чарнігаве ў межах Тыдня супраць смяротнага пакарання
Андрэй Палуда, Любоў Кавалёва, Сяргей Бураў. Дыскусія “Легальнае забойства” ў Чарнігаве ў межах Тыдня супраць смяротнага пакарання

5 кастрычніка ў Чарнігаве ў межах Тыдня супраць смяротнага пакарання адбылася дыскусія “Легальнае забойства”, а таксама прагляд дакументальнага фільма “Прычына смерці - прочырк”.  У абмеркаванні розных аспектаў гэтай антыгуманнай меры пакарання прынялі ўдзел каардынатар кампаніі “Правабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда, Любоў Кавалёва, маці расстралянага ў 2012 годзе Уладзіслава Кавалёва, ды прэзідэнт Адукацыйнага Дома правоў чалавека ў Чарнігаве Сяргей Бураў

Падчас дыскусіі прысутныя змаглі пазнаёміцца з асабістай гісторыяй чалавека, пацярпелага ад прымянення смяротнага пакарання - Любові Кавалёвай, чый сын быў пазбаўлены жыцця за нібыта падрыхтоўку тэракту, які адбыўся ў мінскім метро ў красавіку 2011 года. Выступоўцы закранулі аспект таго, што стаіць па розныя бакі смяротнага прысуду – пакуты сваякоў забітых і цынізм дзяржавы.

Каардынатар Тыдня Андрэй Палуда звярнуў увагу прысутных на той факт, што часта толькі міжнародная салідарнасць можа дапамагчы змяніць сітуацыю да лепшага:

“Мы ў гэтым годзе вырашылі значна пашырыць геаграфію Тыдня супраць смяротнага пакарання. Многія пытанні ў Беларусі вырашаюцца толькі дзякуючы ціску на ўладу пэўнымі салідарнымі дзеяннямі. Рэдкія выпадкі, калі дзяржава прыслухоўваецца да голасу грамадзянскай супольнасці ўнутры краіны. Часцей за ўсё ўвага ўладаў надаецца толькі міжнароднаму голасу. Салідарнасць мацней за рэпрэсіі, і мы ў гэта верым”.

Выступаючы перад прысутнымі, украінскі праваабаронца Сяргей Бураў назваў смяротнае пакаранне наднацыянальнай праблемай і заклікаў грамадскасць да дзеянняў у падтрымку беларускай супольнасці.

“Украіна адмяніла смяротнае пакаранне яшчэ ў 2000 годзе. І для нашай краіны гэта з’ява, якая ўжо не можа вярнуцца. У сваёй пазіцыі я зыходжу з чалавечай годнасці. Не мы даем жыццё, каб яго адбіраць. Нават, калі чалавек здзейсніў страшэннае злачынства. Якое б ні было пакаранне, яно не можа быць смерцю. Я лічу, што прымяненне смяротнага пакаранне – гэта жудасная практыка. Калі ў краіне, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, застаецца гэтая бесчалавечная мера пакарання, якая выходзіць яшчэ з варварскіх часоў – у гэта проста цяжка паверыць. Канешне, хацелася б, каб найхутчэй у Беларусі было адмененае смяротнае пакаранне. Выступіць супраць – гэта акт салідарнасці, даступны для кожнага”.

Таксама ў межах Тыдня ў Чарнігаўскім ДПЧ запрацавала выстава тэматычных плакатаў міжнароднага праекта "Death is not a Justice" ("Смерць - гэта не правасуддзе").

Дырэктар Адукацыйнага Дома правоў чалавека ў Чарнігаве Кірыла Экімаў адзначыў, што чалавечае жыццё – гэта нашая найбольшая каштоўнасць і ніхто не мае права яго адабраць.

“Тэма смяротнага пакарання вельмі цяжкая, але я лічу, што варта даваць людзям больш інфармацыі ў гэтым рэчышчы. Я ўпэўнены, што забойства дзеля тлумачэння, што забойства гэта дрэнна – абсудрны механізм дзяржавы. Ніякай гуманнасці ў смяротным пакаранні быць не можа”.

Тыдзень супраць смяротнага пакарання, які працягнецца з 5 па 10 кастрычніка, ладзіцца ў Беларусі трэці год запар. Сёлета геаграфія інфармацыйна-асветніцкіх мерапрыемстваў пашырылася за межы краіны: беларускіх праваабаронцаў падтрымалі калегі і прыхільнікі абаліцыянісцкага руху ў Літве, Польшчы, Украіне, Казахстане. Праваабарончы цэнтр “Вясна” і кампанія “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”запрашаюць усіх ахвотных далучацца да гэтай акцыі і падпісаць петыцыю за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны