У Вільні прайшла дыскусія “Забойства па прысудзе…” (аўдыё)
7 кастрычніка ў Вільні ў Музеі ахвяраў генацыду адбылася дыскусія «Забойства па прысудзе ...» з удзелам беларускіх правабаронцаў, журналістаў і прадстаўніка МЗС Літвы.
Дыскусія ладзілася пры падтрымцы Беларускага Дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава ў партнёрстве з праваабарончай арганізацыяй Freedom House ў межах Тыдня супраць смяротнага пакарання ў Беларусі.
На абмеркаванні прысутнічалі каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда, кіраўніца “Беларускага дакументацыйнага цэнтра” Раіса Міхайлоўская, рэжысёр фільма “Шэсць аргументаў супраць смяротнага пакарання” Віктар Траццякоў, аўтар сцэнарыя, журналістка Паліна Сцепаненка і амбасадар па спецыяльных даручэннях у рэгіёне Усходняй Еўропы (Усходняе Партнёртсва) МЗС Літвы Жыгімантас Павілёніс. Абмеркаванне мадэраваў Віціс Юрконіс, праектны дырэктар Freedom House ў Літве.
Мерапрыемства стала нагодай для спікераў і прысутных разгледзець розныя бакі праблемы смяротнага пакарання на лакальным і міжнародным узроўнях.
Дырэктар Беларускага Дому правоў чалавека ў Вільні Ганна Герасімава адзначыла вялікую ролю ўзнятай тэмы як для беларускага, так і для літоўскага грамадства:
“Права на жыццё – гэта амаль самае важнае права чалавека. Мы, далучаючыся да тыдня супраць смяротнага пакарання ў Беларусі, спадзяемся, што ў Літве грамадства зверне ўвагу на гэту тэму і міжнародная супольнасць дапаможа нам спрыяць таму, каб у Беларусі, калі не скасавалі смяротнае пакаранне, то хаця б увялі мараторый, пакуль гэтая вышэйшая мера пакарання цалкам не будзе спыненая”.
Каардынатар кампаніі “Правабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда падчас свайго выступу нагадаў прысутным пра закрытасць тэмы смяротнай кары ў нашай краіне і засакрэчанасць матэрыялаў. Правабаронца таксама звярнуўся да гістарычнага аспекту вышэйшай меры пакарання ў Беларусі, якая фактычна дасталася краіне ў спадчыну з часоў СССР.
“Наяўнасць смяротнага пакарання ў нашай краіне з’яўляецца адпаведным індыкатарам сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і стаўлення дзяржавы да сваіх грамадзян. Смяротнае пакаранне ў дваццаць першым стагоддзі – гэта сапраўднае варварства і дзікунства. Тым больш тое, якім чынам адбываецца гэтае пакаранне – шляхам расстрэлу. Праблема палягае і ў той сакрэтнасці, якая існуе сёння вакол тэмы смяротнага пакарання – нават сваякі асобаў, у дачыненні да якіх прыведзены ў выкананне смяротныя прысуды, не могуць атрымаць звязаную з гэтым інфармацыю”.
У межах дыскусіі былі закранутыя таксама і пытанні пазасудовай расправы ў Беларусі - праваабаронца Раіса Міхайлоўская распавяла пра невытлумачальныя знікненні апанентаў Аляксандра Лукашэнкі і расследаванне гэтых спраў. Яшчэ 16 год таму было распачата іх афіцыйнае расследаванне, але да цяперашняга часу ніхто не быў прыцягнуты да адказнасці і ні сваякі зніклых, ні грамадскасць не ведаюць, хто стаіць за гэтымі знікненнямі.
“Беларускі дакументацыйны цэнтар сумесна з ПЦ “Вясна” рыхтавалі частку нашага альтэрнатыўнага даклада ў межах УПА па шостым артыкуле Міжнароднага Пакта – “Права на жыццё”. Нашую частку ў гэтай справаздачы складаў раздзел “права на жыццё ў кантэксце гвалтоўных знікненняў”. І здавалася б усе гэтыя знікненні палітыкаў не ўзаемазвязаныя, але ўсіх іх аб’яднаў расстрэльны пісталет. Менавіта расстрэльны пісталет, з дапамогай якога выконвалі смротныя прысуды, стаў інструментам забойства палітычных апанентаў улады. Гэтыя людзі не былі ані злачынцамі, ані гвалтаўнікамі. Гэта была эліта краіны. І зараз тое, у якім крытычным стане знаходзіцца нашая краіна, ёсць лагічны вынік тых палітычных знікненняў. Мы як праваабаронцы патрабуем, каб тыя крымінальныя справы, ў якіх расследуюцца гэтыя знікненні, разглядаліся ў рэчышчы выканання пазасудовага смяротнага пакарання”.
Аспект міжнароднага ўзаемадзеяння ў пытанні адмены смяротнага пакарання даводзіў амбасадар па спецыяльных даручэннях у рэгіёне Усходняй Еўропы МЗС Літвы Жыгімантас Павілёніс. Ён найперш адзначыў, што яго асабіста вельмі здзіўляе пазіцыя ўладаў Беларусі, якія спадзяюцца на пацяпленне стасункаў з Еўразвязам, улічваючы сітуацыю з правамі чалавека ў краіне.
“Я асабіста упэўніўся, што беларусы цалкам еўрапейская нацыя. Але Беларусь не можа ўспрымацца Еўропай як частка еўрапейскай ідэнтычнасці пакуль не будуць закладзеныя фундаментальныя асновы дэмакратыі і гуманнасці. Наяўнасць смяротнага пакарання – гэта стаўленне ўладаў да сваіх грамадзян. На жаль, я магу канстатаваць, што за ўвесь час незалежнасці Беларусь не прасунулася наперад, а наадварот мы бачым адныя толькі крокі назад. Я шчыра спадзяюся на змены ў рэчышчы правоў чалавека і смяротнага пакарання ў краіне. Міжнародная салідарнасць можа адыграць тут не апошнюю ролю, аднак важна, каб і само грамадства краіны разумела і падтрымлівала ідэі гуманізацыі і дэмакрытызацыі”.
Падчас дыскусіі адбыўся прэм'ерны паказ фільма «Шэсць аргументаў супраць смяротнага пакарання», што складаецца з шасці кліпаў-аргументаў, якія распавядаюць пра непрапарцыйнасць і жорсткасць такой меры кары.
Рэжысёр фільма Віктар Траццякоў і аўтар сцэнарыя Паліна Сцепаненка распавялі, што ідэя стварэння гэтага фільма нарадзілася падчас дыскусій на летніх школах па правах чалавека ў Вільні, калі праз пэўны час сталася зразумелым, што ёсць аргументы супраць, якія застаюцца нязменнымі. Асноўная мэта стварэння гэтага фільма – жаданне данесці да розных катэгорый насельніцства ў Беларусі і па-за межамі антыгуманнасць смяротнага пакарання.
Нагадаем, 10 кастрычніка адзначаецца Сусветны дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання. З гэтай нагоды праваабаронцы з 5 па 10 кастрычніка праводзяць штогадовы інфармацыйна-асветніцкі Тыдзень супраць смяротнага пакарання ў Беларусі, да якога сёлета далучыліся прыхільнікі абаліцыянісцкага руху ў Літве, Польшчы, Украіне, Казахстане. Праваабарончы цэнтр “Вясна” і кампанія “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”запрашаюць усіх ахвотных далучацца да гэтай акцыі і падпісаць петыцыю за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі.