Сёння - Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання

10 кастрычніка 2015 года ў 13-ы раз адзначаецца Сусветны дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання, заснаваны Сусветнай кааліцыяй супраць смяротнага пакарання - аб'яднаннем прафсаюзаў, мясцовых і рэгіянальных органаў улады, юрыдычных асацыяцый, а таксама праваабарончых арганізацый з мэтай паўсюднай забароны на гэты від вышэйшай меры пакарання.

Кожны год Сусветная кааліцыя супраць смяротнага пакарання праводзіць гэты дзень пад пэўным лозунгам, які акцэнтуе ўвагу на адным з аспектаў супраць прымянення смяротнага пакарання за розныя віды злачынстваў. Сёлетні слоган акцыі – “Смяротнае пакаранне не спыніць наркатрафік”.

Насуперак галоўнаму аргументу тых краін, у якіх захоўваецца смяротнае пакаранне за злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркатычных рэчываў, прымяненне смяротнага пакарання і вынясенне смяротных прысудаў за такі від злачынстваў не з'яўляецца стрымліваючым фактарам пры злоўжыванні наркотыкамі або незаконным абароце наркатычных рэчываў.

Прыхільнікі абаліцыянісцкага руху выступаюць супраць смяротнага пакарання ва ўсіх выпадках без выключэння, незалежна ад характару злачынства, характарыстык злачынцы і спосабу, якім дзяржава пазбаўляе жыцця асуджанага. Смяротнае пакаранне яны расцэньваюць як крайнюю форму пазбаўлення чалавека яго правоў - праз наўмыснае пазбаўленне жыцця дзяржавай. Гэта жорсткае, антыгуманнае і прыніжаючае чалавечую годнасць пакаранне. Смяротнае пакаранне парушае права на жыццё, абвешчанае ў Сусветнай дэкларацыі правоў чалавека.

Адзінай еўрапейскай краінай, якая прымяняе смяротнае пакаранне, застаецца Беларусь. Паводле звестак правабаронцаў, за апошнія дваццаць гадоў у краіне пакарана больш за 400 чалавек.

Увядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне ў Беларусі з’яўляецца неабходнай умовай для сяброўства краіны ў Савеце Еўропы. Гэтая міжнародная структура каля 30 гадоў працавала над забаронай смяротнага пакарання ў Еўропе. За апошнія больш чым дзесяць гадоў ні ў адной з 47 краінаў у складзе Савета Еўропы не быў выкананы ні адзін смяротны прысуд.

У Беларусі тэмай смяротнага пакарання займаецца кампанія "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі". Ініцыятары кампаніі патрабуюць ад уладаў Беларусі ўвядзення мараторыя на прымяненне гэтага бесчалавечнага віда пакарання, адзначаючы шэраг істотных праблем, звязаных з наяўнасцю смяротнага пакарання ў краіне. Сярод іх - адсутнасць належнага грамадскага кантролю за дзейнасцю органаў міліцыі, спецслужбаў і месцамі прымусовага ўтрымання грамадзян і, як следства, наяўнасць фактаў ужытку катаванняў у дачыненні да затрыманых і падазраваных, адсутнасць магчымасці абскардзіць прысуд Вярхоўнага Суда Беларусі ў касацыйным, прыпыняючым выкананне прысуду, парадку, малы перыяд часу ад вынясення да выканання прысуду (ад 1 года да 4 месяцаў і менш), выкананне смяротных прысудаў да разгляду зарэгістраваных зваротаў у КПЧ ААН і вынесеных КПЧ тэрміновых працэдур абароны, і, нарэшце, залежныя ад выканаўчай улады судовыя органы і адвакатура. Усе гэтыя фактары ствараюць сур'ёзную пагрозу магчымасці судовых памылак і пакаранняў смерцю людзей, чыя віна ў здзяйсненні злачынства не была ўстаноўлена ў ходзе разгляду справы бесстароннім і незалежным судом.

Акрамя таго, дзяржава дэманструе цынічнае стаўленне да сваякоў расстраляных, бо пра дату і час пакарання ім не паведамляецца, цела пакаранага не выдаецца, а месца пахавання не паказваецца.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” і кампанія “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” заклікаюць усіх далучацца да Сусветнага дня супраць смяротнага пакарання праз падпісанне петыцыі за адмену смяротнай кары ў Беларусі.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны