У Алматы зладзілі выставу плакатаў супраць смяротнага пакарання ў Беларусі
У Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання ў Алматы распачала сваю працу тэматычная выстава беларускага мастака Алега Аблажея "Шэсць аргументаў супраць смяротнага пакарання". Такім чынам арганізатары мерапрыемства арганізацыя Freedom House Kazakhstan выказалі сваю салідарнасць з беларускай супольнасцю і далучыліся да Тыдня супраць смяротнага пакарання ў Беларусі.
У межах "Кінашколы па правах чалавека" таксама праходзіў паказ мастацкага фільма "Жыццё Дэвіда Гейла", які распавядае пра тое, як актывіст руху супраць смяротнага пакарання сам апынуўся прысуджаны да вышэйшай меры.
А таксама была зладжана дыскусія, пад час якой удзельнікі разважалі аб юрыдычных і філасофскіх баках праблемы і выказвалі свой пункт гледжання на дапушчальнасць выкарыстання смяротнага пакарання.
Нагадаем, У Казахстане яшчэ ў снежні 2003 года быў абвешчаны бестэрміновы мараторый на выкананне прысудаў аб смяротнай кары. Аднак, у грамадстве неаднарозова ўздымалася пытанне аб тым, каб вярнуць выкананне смяротных прысудаў. На сёняшні дзень адзінай еўрапейскай краінай, якая прымяняе смяротнае пакаранне, застаецца Беларусь. Паводле звестак правабаронцаў, за апошнія дваццаць гадоў у краіне пакарана больш за 400 чалавек.