КПЧ ААН зарэгістраваў зварот Сяргея Іванова, асуджанага да смяротнага пакарання

Будынак ААН у Жэневе
Будынак ААН у Жэневе

Увечары 15 кастрычніка Камітэт ААН па правах чалавека (КПЧ) пацвердзіў рэгістрацыю звароту каардынатара кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэя Палуды, які з’яўляецца давераннай асобай асуджанага да смяротнага пакарання Сяргея Іванова.

У паведамленні Камітэта ААН гаворыцца, што зварот зарэгістраваны ў КПЧ за нумарам 2655/2015 і было накіравана адпаведнае паведамленне Дзяржаве, а таксама, што Камітэт просіць Дзяржаву не выконваць прысуд да моманту прыняцця рашэння па звароце.

Да падачы звароту ў КПЧ былі пройдзены ўсе судовыя інстанцыі на нацыянальным узроўні. Але прысуд да вышэйшай меры пакарання пакінулі без зменаў.

Акрамя таго, 16 кастрычніка Андрэй Палуда накіраваў апавяшчэнні аб прыняцці звароту Сяргея Іванова да разгляду ў КПЧ ААН ў Міністэрства замежных спраў, Міністэрства ўнутраных спраў і Генеральную пракуратуру.

Пры гэтым А. Палуда просіць МЗС уведаміць Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь, Генеральную пракуратуру і МУС аб рэгістрацыі КПЧ ААН індывідуальнага звароту, пададзенага ў інтарэсах С. Іванова, а таксама пракантраляваць выканнае міжнародных дамоваў падначаленымі ўстановамі. А непасрэдна МУС і Генеральную пракуратуру – не прыводзіць ў выкананне смяротны прысуд, вынесены Вярхоўным судом, да разгляду звароту ў КПЧ ААН у адпаведнасці з п. 92 правілаў працэдур Камітэта.

Неабходнасць накіравання дадзеных зваротаў у дзяржаўныя органы выклікана тым, што папярэднія смяротныя прысуды выконваліся беларускай дзяржавай да разгляду зарэгістраваных зваротаў у КПЧ ААН і насуперак вынесеных КПЧ тэрміновых працэдур абароны. Такім чынам былі расстраляныя сямёра асуджаных да смяротнага пакарання: Андрэй Жук і Рыгор Юзэпчук (2009), Андрэй Бурдыка і Алег Грышкаўцоў (2011), Уладзіслаў Кавалёў (2012), Павал Сялюн і Аляксандр Груноў (2014)

“Мы спадзяёмся, што гэтым разам Рэспубліка Беларусь выканае ўзятыя на сябе міжнародныя абавязальніцтвы і не прывядзе прысуд ў выкананне ў дачыненні да Сяргея Іванова да прыняцця рашэння КПЧ ААН па яго індывідуальнаму звароту”, - адзначае каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда.

Сёння ж Сяргея Іванова ў СІЗА №1 наведала адвакат, якая паведаміла асуджанаму пра рэгістрацыю яго індывідуальнага звароту ў КПЧ ААН.

Нагадаем, па прысудзе Гомельскага абласнога суда 18 сакавіка 2015 года абвінавачаны С. Іваноў быў прызнаны вінаватым у хуліганстве, якое суправаджалася прымяненнем гвалту, які быў здзейснены паўторна, групай асоб, прадугледжаных ч. 2 арт. 339 КК; у наўмысным прычыненні цяжкага цялеснага пашкоджання, небяспечнага для жыцця пацярпелага, з хуліганскіх меркаванняў, прадугледжаных п. 7 ч. 2 ст.147 КК; ў рабаванні маёмасці, злучаным з ужываннем гвалту, небяспечнага для жыцця і здароўя пацярпелых, здзейсненым паўторна, групай асоб, прадугледжаным ч. 2 арт. 206 КК; у крадзяжы маёмасці, учыненых паўторна, групай асоб, прадугледжаным ч. 2 арт. 205 КК; у наўмысным супрацьпраўным пазбаўленні жыцця іншага чалавека (забойстве), якое было здзейснена з асаблівай жорсткасцю, прадугледжанае п. 6 ч. 2 арт.139 КК Рэспублікі Беларусі, і асуджаны да вышэйшай меры пакарання – растрэлу.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны