МЗС праінфармаваў іншыя кампетэнтныя органы аб выкананні міжнародных правілаў па справе Іванова

Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда атрымаў адказ з Міністэрства замежных спраў на свой зварот, у якім інфармаваў МЗС пра рэгістрацыю індывідуальнага звароту асуджанага да смяротнага пакарання жыхара Рэчыцы Сяргея Іванова ў Камітэце па правах чалавека ААН.

Праваабаронца нагадаў, што “ў адпаведнасці з пунктам 92 правіл працэдур Камітэта дзяржава не павінна прыводзіць у выкананне смяротны прысуд да разгляду дадзенага зварота Камітэтам па сутнасці”.

МЗС у сваім адказе, які падпісаў намеснік міністра Валянцін Рыбакоў, паведамляе, што праінфармавала Вярхоўны Суд, Генеральную Пракуратуру і Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь аб рэгістрацыі звароту С. Іванова ў КПЧ. Андрэй Палуда адзначыў, што ўпершыню атрымаў такі адказ з МЗС.

“У лісце ў вышэйзгаданыя органы МЗС звярнуў увагу на правапрымяняльную практыку Камітэта, яго правілы працэдуры, у тым ліку ў дачыненні да асоб, якія асуджаны да смяротнага пакарання”, - гаворыцца ў адказе Міністэрства замежных спраў.

Напярэдадні Андрэй Палуда атрымаў адказы з Генеральнай пракуратуры і Міністэрства ўнутраных спраў. Яны пакінулі звароты без разгляду па сутнасці, спаслаўшыся на тое, што праваабаронца не прадставіў даверанасць на права прадстаўлення Сяргея Іванова ў дзяржаўных органах.

“Сяргей Іваноў зрабіў адпаведную даверанасць на мае імя. Згодна з працэдурай даверанасць павінна была быць зарэгістравана ў Дэпартаменце выканання пакаранняў. Прадстаўнікі Дэпартамента ўпэўнілі Іванова і яго адваката, што даверанасць будзе дасланая мне асабіста. Аднак, прайшоў час, але яны гэтага не зрабілі. І пасля новага запыту адваката, ёй паведамілі, што Дэпартамент не ведае такія міжнародныя органы як Камітэт па правах чалавека. А ў гэтай даверанасці было таксама пазначана, што я маю права прадстаўляць Іванова ў іншых міжнародных інстанцыях. Атрымоўваецца, што з аднаго боку Дэпартамент выканання пакаранняў і МУС не даюць магчымасць атрымаць даверанасць, а з іншага боку яны кажуць, што без такой даверанасці я не магу дзейнічаць ад імя Сяргея Іванова”, - паведаміў праваабаронца.

Таксама Андрэй Палуда выказаў спадзяванні на тое, што пасля таго як МЗС праінфармаваў кампетэнтныя органы міжнародныя правілы ў дачыненні да Сяргея Іванова будуць выкананыя, а менавіта тое, што смяротны прысуд не будзе прыведзены пакуль адбываецца разгляд справы ў КПЧ ААН.

Нагадаем, па прысудзе Гомельскага абласнога суда 18 сакавіка 2015 года абвінавачаны С. Іваноў быў прызнаны вінаватым у хуліганстве, якое суправаджалася прымяненнем гвалту, які быў здзейснены паўторна, групай асоб, прадугледжаных ч. 2 арт. 339 КК; у наўмысным прычыненні цяжкага цялеснага пашкоджання, небяспечнага для жыцця пацярпелага, з хуліганскіх меркаванняў, прадугледжаных п. 7 ч. 2 ст.147 КК; ў рабаванні маёмасці, злучаным з ужываннем гвалту, небяспечнага для жыцця і здароўя пацярпелых, здзейсненым паўторна, групай асоб, прадугледжаным ч. 2 арт. 206 КК; у крадзяжы маёмасці, учыненых паўторна, групай асоб, прадугледжаным ч. 2 арт. 205 КК; у наўмысным супрацьпраўным пазбаўленні жыцця іншага чалавека (забойстве), якое было здзейснена з асаблівай жорсткасцю, прадугледжанае п. 6 ч. 2 арт.139 КК Рэспублікі Беларусі, і асуджаны да вышэйшай меры пакарання – растрэлу. Згодна з міжнароднымі абавязацельствамі краіна не мае права выконваць смяротны прысуд, пакуль адбываецца разгляд справы ў Камітэце па правах чалавека ААН.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны