Верагоднасць смяротнага пакарання Івану Куляшу застаецца вельмі высокай

Іван Кулеш на судзе. Фота БелаПАН.
Іван Кулеш на судзе. Фота БелаПАН.

19-га лістапада 2015 года ў Гарадзенскім абласным судзе працягваўся разгляд справы над Іванам Куляшом, якому пагражае смяротнае пакаранне. Працэс цягнуўся ўсяго некалькі хвілін.

Іван Кулеш абвінавачаны адразу ў трох жудасных забойствах з прымяненнем сякеры, крадзяжы і рабаванні. Дзяржаўнае абвінавачванне запатрабавала выключнай меры пакарання – расстрэлу.

Суддзя Анатоль Заяц спытаўся ў абвінавачваемага, ці хоча той скарыстацца з свайго права апошняга слова. Іван Кулеш ад апошняга слова адмовіўся. Суддзя тады абвясціў чарговы перапынак да заўтра. Заўтра ж будзе ўжо абвешчаны канчатковы прысуд. Пасяджэнне прызначанае на 14.30.

У гэтай справе выклікае занепакоенасць тое, што у Беларусі можа адбыцца чарговы смяротны прысуд. Рэспубліка Беларусь на сённяшні момант з’яўляецца апошняй краінай Еўропы дзе практыкуецца смяротнае пакаранне. Важнымі фактамі ёсць і тое, што суддзя Анатоль Заяц ужо вёў падобныя справы. Таксама насцярожвае тое, што адвакат адмаўляецца кантактаваць з прэсай, хоць у такой справе лагічна было б шукаць кожную зачэпку, каб паўплываць на рашэнне суда і уратаваць жыццё свайго падабароннага. А сам Іван Кулеш адмаўляецца штосьці тлумачыць.

Нагадаем, што судовы працэс па гэтай справе распачаўся 14-га верасня. Абвінавачваемы 28-гадовы Іван Кулеш выхаванец дзіцячага дому, жыў без сям’і, скончыў усяго 9 класаў школы. У 18 год быў асуджаны першы раз за крадзёж. У 2014-м годзе яго абвінавачвалі ў непраўдзівым даносе і крадзяжы.

Іван Кулеш афіцыйна нідзе не працаваў. Зарабляў зборам грыбоў і ягад і іншымі часовымі падзаробкамі. Жыў у вёсцы Сялец Лідскага раёну, хоць і прапісаны ў Баранавіцкім раёне. Мае малалетняе дзіця.

"Гарадзенская Вясна".

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны