Дыскусіі на тэму смяротнага пакарання прайшлі ў рэгіёнах
Сустрэчы прысвечаныя тэме смяротнага пакарання прайшлі днямі ў Воршы і Магілёве. На мерапрыемствах быў зладжаны паказ дакументальнага фільма “Шэсць аргументаў супраць смяротнага пакарання” і прэзентацыя кнігі “Смяротнае пакаранне ў Беларусі”. Таксама адбыліся дыскусіі на тэму “Смяротнае пакаранне – гэта забойства”.
У мерапрыемствах узялі ўдзел каардынатар кампаніі „Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда, рэжысёр Віктар Трацякоў і ўкладальніца кнігі – Паліна Сцепаненка.
Сустрэча ў Воршы адбылася ў дзень абвяшчэння чарговага смяротнага прысуду. Праваабаронца Андрэй Палуда адзначыў, што часта людзям наўпрост не хапае інфармацыі па тэме смяротнага пакарання:
“Дыскусія прайшла на фоне вынясення новага смяротнага прысуду: у гэты дзень у Гародні вынесены прысуд Івану Куляшу. Дыскусія была вельмі гарачая. Падчас такіх сустрэчаў часта высвятляецца, што некаторыя людзі папросту не ведаюць, што смяротнае пакаранне існуе ў Беларусі. Падчас сустрэчы ў Воршы было шмат спрэчак, і гэта яшчэ адзін паказчык важнасці тэмы. Адчуваецца, што людзям часта не хапае інфармацыі па такой тэме, як смяротнае пакаранне”.
У Магілёве прысутныя змаглі праглядзець фільм “Шэсць аргументаў супраць смяротнага пакарання”, зроблены з дапамогай валанцёраў кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” і абмеркаваць аргументы “за” і “супраць” выкарыстання вышэйшай меры пакарання.
“Раней беларусы проста не задумваліся над тэмай смяротнага пакарання. Зараз я бачу, што людзей турбуе гэтая тэма, што матэрыялы аб гэтым збіраюць мноства каментароў, а падобныя сустрэчы - вялікую колькасць удзельнікаў. Я веру, што разам мы прыйдзем да патрэбнага рашэння і адмене смяротнага пакарання ў Беларусі”, - адзначыў Андрэй Палуда.
Нагадаем, Беларусь застаецца адзінай краінай Еўропы, дзе захоўваецца смяротнае пакаранне. У гэтым годзе ўжо вынесены другі смяротны прысуд - Івану Куляшу. Актывісты кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі", якая праводзіцца ў краіне з 2009 года, прапануюць усім жадаючым падпісаць петыцыю з заклікам да беларускіх уладаў адмяніць смяротнае пакаранне ў краіне.