Тэма смяротнага пакарання загучала ў вёсках Беларусі

Валанцёры кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” распачалі інфармаванне жыхароў беларускіх вёсак па тэме смяротнай кары.

Ідэя гэтай ініцыятывы з’явілася падчас Летніх школ на правах чалавека ў Вільні з мэтаю ўзняць дыскусію па смяротнаму пакаранню сярод жыхароў малых населеных пунктаў.

 “Група валанцёраў сыходзіла з таго, што пра смяротнае пакаранне шмат гавораць, але ў асяродку праваабаронцаў. Таксама мы апіраліся на дадзеныя сацыялагічнага даследавання, праведзенага кампаніяй SATIO, паводле якога 30% рэспандэнтаў лічаць, што ў Беларусі даўно ўведзены мараторый на смяротнае пакаранне. Зараз склаўся пэўны вобраз чалавека, які выступае супраць смяротнага пакарання – і гэта праваабаронца. А вобразу проста чалавека, які выступае супраць смяротнай кары ў нас няма. Да жыхароў вёсак не даходзіць праўдзівая інфармацыя“,  - адзначае валанцёр кампаніі Таццяна Гацура.

Валанцёры зрабілі адмысловыя плакаты і ўлёткі з інфармацыяй па справе Міхаіла Гладкага, як прыклад невіноўнага чалавека, які паводле судовай памылкі адсядзеў вялікі тэрмін за злачынства, якога ён не здзяйсняў. Таксама на ўлётках паведамляецца пра тое, што Беларусь – гэта адзіная краіна ў Еўропе, якая выкарыстоўвае смяротнае пакаранне і дадзеныя пра суседнія краіны, якія адмянілі смяротную кару.

“Мы развешвалі плакаты на прыпынках транспарту, каля крам і распаўсюджвалі ўлёткі праз паштовыя скрыні. Таксама мы размаўлялі з жыхарамі вёсак. Адзін з запамінальных выпадкаў – гэта сустрэча з дырэктарам школы і выкладчыкам гісторыі ў адным з мястэчкаў. Яны вельмі прыязна паставіліся да нашай ідэі і папрасілі ўзяць яшчэ ўлётак для распаўсюду. Апрача інфармавання, мы хацелі знайсці гісторыі людзей, падобных да Міхаіла Гладкага – невіноўных, якія адсядзелі працяглы тэрмін па судовай памылцы”, - распавёў валанцёр Кірыл Кажэнаў .

У доўгатэрміновых планах групы, разлічаных на два гады, уваходзіць інфармаванне пра праблемы звязаныя са смяротным пакараннем  як мага большай колькасці беларусаў.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны