Грамадзянін Расіі, асуджаны да смяротнага пакарання ў Арабскіх Эміратах, чакае экстрадыцыі на Валадарцы

CІЗА №1 на Валадарскага
CІЗА №1 на Валадарскага

У Праваабарончы цэнтр “Вясна” да прадстаўнікоў кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” звярнуліся людзі, якія прадставіліся сваякамі Пятра Іваніка. Яны распавялі, што ў дадзены момант грамадзянін Расіі Пётр Іванік знаходзіцца ў Мінскім СІЗА №1 на вул. Валадарскага. Пры гэтым, як стала вядома праваабаронцам, Іванік быў прыгавораны да смяротнага пакарання і, па словах сваякоў,  чакае экстрадыцыі для выканання прысуду ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.

Але што стаіць за гэтай гісторыяй, якім чынам грамадзянін Расіі стаў вязнем Валадаркі?

У снежні 2011 года Шарыяцкі суд эмірата Шарджа ААЭ прызнаў вінаватымі і вынес смяротныя прысуды ўдзельнікам забойства свайго кампаньёна па бізнесу з Чалябінску Яўгена Хапрова. Злачынства было здейсненае ў 2009 годзе ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах. Прысуд быў вынесены завочна, паколькі абодва падсудныя, Аляксей Янчук і Пётр Іванік, на той час ужо знаходзіліся ў вышуку.

У тыя гады ў ААЭ дзейнічала кампанія АVIA, якая займалася грузапасажырскімі авіяперавозкамі. Яе заснавалі Яўген Хапроў, Аляксей Янчук і Пётр Іванік. Затым, як паведамлялі шматлікія расійскія СМІ, партнёры сталі падазраваць Янчука ў растраце 3,2 млн долараў, што неўзабаве пацвердзіла аўдытарская праверка. У выніку яму давялося перадаць партнёрам сваю долю ў кампаніі. Яўген Хапроў неяк даведаўся, што Янчук замовіў яго і яшчэ аднаго калегу па бізнесу невядомым кілерам. Называўся нават кошт заказу - па 100 тысяч даляраў за кожнага.

А ў сакавіку 2009-га пяцёра невядомых выкралі Хапрова з дому і вывезлі ў невядомым накірунку. Пазней бізнэсмена знайшлі забітым ва ўласным Porsche Cayenne.

 

Шарыяцкі суд палічыў віну Янчука і ягонага памагатага Іваніка даказанай. А паколькі ў ААЭ няма падзелу на заказчыкаў і выканаўцаў забойства - абодва прызнаныя ўдзельнікамі злачынства. Непасрэдных кілераў, якія ўварваліся ў дом бізнэсмэна, следства так і не ўстанавіла.

Доўгі час месцазнаходжанне Янчука і Іваніка было невядомым. Пазней з’явілася інфармацыя аб тым, што Янчук магчыма мае від на жыхарства ў Германіі, а вось Іванік нечакана “ўсплыў” у СІЗА на Валадарцы.

Першы сакратар Консульства Расійскай Федэрацыі ў Беларусі Дзяніс Нячай у тэлефоннай размове з каардынатарам кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэем Палудам падцвердзіў, што сапраўды такая сітуацыя мае месца, што да іх у консульства таксама звярталіся сваякі Пятра Іваніка. Ён запэўніў, што консульства будзе займацца гэтаю справаю і выказаў падзяку праваабаронцам за нераўнадушную пазіцыю. Першы сакратар паабяцаў супрацоўніцтва з кампаніяй “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” па справе Іваніка.

У выпадку, калі Пятра Іваніка экстрадуюць у ААЭ, прысуд будзе прыведзены ў выкананне, паколькі мараторыя на смяротнае пакаранне там не існуе.

Выкананне смяротнага прысуду ў Эміратах адбываецца праз расстрэл альбо пабіванне камянямі. Апошняе пакаранне зараз  прымяняецца крайне рэдка. 

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны