У ААН зарэгістравана скарга маці Грунова

Вольга Грунова
Вольга Грунова

Камітэт ААН па правах чалавека зарэгістраваў індывідуальнае паведамленне аб парушэнні права не падвяргацца жорсткаму, бесчалавечнаму, зневажальнаму годнасць абыходжанню і права на справядлівы суд, якое накіравала маці растралянага ў 2014 годзе жыхара Гомеля Аляксандра Грунова – Вольга Грунова. Справа зарэгістравана пад №2690/2015 і накіравана на адрас дзяржавы для каментару па сутнасці.

Нагадаем, 11 лістапада 2014 года Вольга Грунова атрымала паведамленне аб прывядзенні ў дачыненні да яе сына смяротнага прысуду ў выкананне. У гэты ж дзень яна атрымала ў ЗАГС пасведчанне аб смерці сына, дзе запісана, што смяротны прысуд у дачыненні да яе сына быў прыведзены ў выкананне 22 кастрычніка 2014 года ў Мінску, прычынай смерці паказаны прысуд аб смяротным пакаранні Гомельскага абласнога суда.

Вольга Грунова прасіла суд паведаміць пра дакладны час выканання смяротнага прысуду і месца пахавання сына, але той адмовіў даць патрэбную інфармацыю. Спробы абскардзіць гэта ў судзе таксама не прынеслі плёну – суд Цэнтральнага раёну Гомеля прыняў вызначэнне аб адмове ва ўзбуджэнні грамадзянскай справы ў сувязі з непадведамаснасцю скаргі суду.

Адначасова, на нацыянальным узроўні Вольга Грунова спрабавала ініцыяваць пытанне перад Канстытуцыйным Судом аб праверцы на адпаведнасць артыкулаў 25 Канстытуцыі і 7 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах артыкула 175 Крымінальна-выканаўчага кодэкса, які забараняе выдаваць інфармацыю аб месцы пахавання пакараных у краіне людзей. Адміністрацыя Прэзідэнта Беларусі паведаміла жанчыне пра тое, што усталяванае ў краіне абмежаванне абумоўлена неабходнасцю забеспячэння грамадскага парадку і абароны маральнасці, паколькі інфармацыя пра месца пахавання пакаранага можа справакаваць негатыўныя наступствы і пацягнуць іншыя эксцэсы.

Раней скарга растралянага Аляксандра Грунова зарэгістравана ў КПЧ ААН пад нумарам 2375/2014.  Яго інтарэсы, а таксама інтарэсы маці ў КПЧ ААН прадстаўляе прадстаўнік кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання" Леанід Судаленка.

Гомельская Вясна

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны