Грамадзянін Расіі, асуджаны да смерці ў ААЭ і затрыманы ў Беларусі, выйшаў на свабоду

Пішчалаўскі замак - СІЗА на Валадарскага
Пішчалаўскі замак - СІЗА на Валадарскага

7 снежня 2015 г. у Беларусі быў затрыманы расіянін Пётр Іванік. Яшчэ ў 2011 годзе ён быў асуджаны да смяротнага пакарання ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах за тое, што замовіў забойства свайго партнёра па бізнесе. Крыху больш за месяц мужчына знаходзіўся ў «калідоры смерці» мінскага СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага, але 16 студзеня быў вызвалены з-пад варты.

Начальнік міжнародна-прававога аддзела Генеральнай пракуратуры Беларусі Алег Хлышчэнка паведаміў, што ва ўстаноўлены законам тэрмін не былі атрыманыя дакументы з ААЭ на выдачу Пятра Іваніка. Па гэтай прычыне расеец выйшаў на волю.

У снежні 2011 года шарыяцкі суд эмірата Шарджа прызнаў Пятра Іваніка і яго бізнес-партнёра Аляксея Янчука ўдзельнікамі забойства свайго кампаньёна з Чэлябінска Яўгена Хапрова і завочна вынес ім смяротны прысуд.

Хапров, Янчук і Іванік з'яўляліся заснавальнікамі зарэгістраванай у ААЭ кампаніі АVIA, якая займалася грузавымі і пасажырскімі авіяперавозкамі.

Як паведамлялі расійскія СМІ, партнёры сталі падазраваць Янчука ў растраце 3,2 млн даляраў, што неўзабаве пацвердзіла аўдытарская праверка. У выніку яму давялося перадаць партнёрам сваю долю ў кампаніі. У сакавіку 2009 года невядомыя выкралі Хапрова з хаты ў Эміратах і вывезлі ў невядомым накірунку. Пазней бізнэсмэна знайшлі забітым ва ўласнай машыне.

Шарыяцкі суд палічыў віну Янчука і яго памочніка Іваніка даказанай. Паколькі ў ААЭ няма падзелу на заказчыкаў і выканаўцаў забойства, абодва прызнаныя ўдзельнікамі злачынства. Непасрэдных кілераў, якія ўварваліся ў дом бізнэсмэна, следства так і не вызначыла.

Доўгі час месцазнаходжанне Янчука і Іваніка было невядома. Пазней з'явілася інфармацыя аб тым, што Аляксей Янчук, магчыма, мае від на жыхарства ў Германіі, а вось Іванік знайшоўся ў мінскім СІЗА.

Ад прадстаўнікоў амбасады Расеі вядома, што ИІваніка ў СІЗА рэгулярна наведваў адвакат. Консульскі аддзел пасольства сачыў за лёсам асуджанага.

У выпадку экстрадыцыі ў ААЭ Іваніка маглі расстраляць, як гэта прадугледжана крымінальным заканадаўствам Эміратаў у дачыненні да асуджаных да смяротнага пакарання.

На дадзены момант, па інфармацыі ад праваабаронцаў, у «калідоры смерці» на Валадарскага знаходзяцца тры асуджаных - Сяргей Іваноў, прызнаны вінаватым у жорсткім забойстве дзяўчыны ў Рэчыцы, Іван Кулеш, асуджаны на смяротнае пакаранне за забойства трох продавачак у Лідзе, і  Генадзь Якавіцкі, прызнаны вінаватым у жорсткім забойстве сужыцелькі ў Вілейцы.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны